Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Невялікую групу працоўнага жыхарства складалі рабы, насіўшыя назву чэлядзі дворнай, або парабкі і жонкі. Крыніцамі рабства ў Літоўска-Беларускай дзяржаве зьяўляліся палон, купля, натуральны прырост і шлюб з нявольным чалавекам. Чэлядзь працавала ў гаспадарскіх і панскіх маёнтках, у палявой і хатняй гаспадарцы. З панскага двара чэлядзь атрымлівала месячыну ў форме хлебных запасаў; апроч таго, мела сваю рухомую маёмасьць—„бонду“ і прырабкі ў пустых землях. Утрыманьне чэлядзі ня было карысным для гаспадаркі, і з другой паловы XVI ст. яна пераводзілася на зямлю і, як беднае сялянства, пападала ў разрад гароднікаў. Самай вялікай групай вясковага жыхарства былі людзі, насіўшыя розныя назвы: мужы, мужыкі, сьмерды, чорныя людзі, кмеці, хлопы, найчасьцей—падданыя. Сяляне, якія і павінны былі нясьці пастаянную службу на гаспадарскім або панскім дварэ з сахою, бараною, касою, сярпом і канём, звычайна назывался цяглымі людзьмі.

Але гаспадарка не абмяжоўвалася выключна прапаю на полі. Гаспадарка, асабліва даўнейшых часоў — ХІІІ-ХІV і XV ст. — мела натуральны характар. У ёй выводзілася і выраблялася ўсё, што патрэбна было для гаспадаркі.

Так былі: конюхі, сядзельнікі, машталеры, якія займаліся ў каняводзтве; стаднікі, пастухі, сьвінары, працаваўшыя ў разьвядзеньні рагатай жывёлы і сьвіньней; бортнікі і падлазьнікі глядзелі за борцямі; баброўцы гналі і білі баброў; буднікі, смалярні, дегцяры, угольнікі, клепачы, працаваўшыя ў купах або будах; салянікі разраблялі соль, руднікі — руду; апроч гэтага, быў цэлы шэраг рамесьнікаў, працаваўшых над апрацоўкай драўляных вырабаў (дойліды, цесьлі, калёсьнікі, сальнікі, бондары, суднікі), залеглых (кавалі, сьлесары), гліняных (ганчары, муляры, плытнікі, стрыхары), шкляных (гутнікі і шкляры); апрацоўваўшыя скуры (кушняры, кажамякі, рымары, хамутнікі, сядзельцы, шаўцы, чабатыры), абрабляўшыя ткані (ткачы, убрусныя або скацертнікі, краўцы і др.), займаўшыяся вырабам аружжа (рагатцы, лучнікі, тульскі, мячоўнікі, плажнеры, пушкары) і др.

Апроч сваёй працы, працаўнікі спэцыяльных службаў нясьлі яшчэ дадатковыя. Некаторыя давалі дзякла і мезьляву. Дзяклам называўся натуральны падатак, які плаціўся жытам, пшаніцай, аўсом, дровамі, курамі і яйцамі; мезьлявы падатак унасіўся ялавічынай, сьвіньнямі, баранамі, курамі і яйцамі. Затым яны абавязаны былі выходзіць на талаку. Талакой называлася падмога ў гарачую рабочую пару і складалася з такой працы: тры дні араць „парэніну", тры дні „на жыто", тры дні жыта жаці і тры дні ярыну.

За сваю працу сяляне спэцыяльных службаў карысталіся надзеламі зямлі.

Участкі сялянскай зямлі да паловы XVI ст. былі самай рознастайнай велічыні і звычайна складаліся з гароднай зямлі, поля, сенажаці, балот, бортных „ухожаяў“ і „ўступаў" у раку ці возера. У разьмеркаваньні была вялікая цераспалосіца; прычынай гэтага зямельнага ладу было тое, што сялянскія ўчасткі складаліся гістарычна і былі рэзультатам свабоднай заімкі і распрацоўкі свабодных зямель сялянскімі сем'ямі.

Сялянскія землі ў большасьці знаходзіліся ва уладаньні і карыстаньні не гаспадароў адзіночак, а складаных сялянскіх колектываў. Гэтыя колектывы звычайна складаліся з павялічыўшыхся сем'яў. Дарослыя сыны з сем'ямі не выдзяляліся, а аставаліся жыць разам. Калі такія роды — колектывы - зьмяншаліся і не маглі ўласнымі сіламі спраўляцца з гаспадаркай, то прымаліся чужыя людзі — патужнікі - на розных умовах. Адны карысталіся толькі часткай даходу і называліся дольнікамі, палоўнікамі. Уласьнікамі і гаспадарамі зямлі заставаліся