Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ўлада вялікага князя пападае ў рукі экономічна мацнейшага. Але пры роўнаважнасьці сіл гэтае змаганьне вызывае зацяжную барацьбу, і часта супроціў вялікага князя падымаюцца цэлыя саюзы князёў, як гэта здарылася ў апошняй чвэрці XIV ст., калі падняліся проціў вялікага князя князі Полацкі, Бранскі і др.

Толькі што збудованая і не ўмацаваўшаяся дзяржава імкнецца да распаду на свае складаныя часткі.

У гэты крытычны для Літоўска-Беларускай дзяржавы час літоўска-беларускі гаспадар, вялікі князь Ягайла, атрымлівае прапанаваньне кароны Польскай. У Польшчы скончылася мужчынская лінія ранейшай дынастыі Пястаў. Трэба было абраць новую дынастыю. Польскія паны, у руках каторых знаходзілася ўлада, засі апавіліся на асобе літоўскага князя Ягайлы Тлумачыцца гэта тым, што яны хацелі забясьпечыць свае межы з усходу, бо літоўцы ў шуканьнях здабычы ў гэтыя часы даходзілі да самага Кракава, сталіцы Польшчы; апроч таго, польскія паны спадзяваліся ад караля-барбара, якім яны лічылі літоўска-беларускага князя, атрымаць найболей для сябе правоў і прывілеяў.

Прапанаваньне літ.-беларускаму князю кароны польскай якраз было зроблена ў добры для яго момант. Перад ім стаяла пагроза страціць уладу ў Літоўска-Беларускай дзяржаве. Каб знайсьці апору для сваёй улады, ён згаджаецца на прыняцьце кароны польскай і на вунію літоўска-беларускай дзяржавы на такіх умовах, праз якія дзяржава павінна была страціць уласнае жыцьцё і на „вечныя часы" быць далучана да кароны польскай. Гэта адбылося ў 1385—6 г.г.

Такое аб‘яднаньне не адпавядала, аднак, інтарэсам баяр-паноў. Пры гэтым соцыяльны і політычны ўклад жыцьця вельмі быў розны ў абедзьвюх дзяржавах і ажыцьцяўленьне такога акту не магло быць прыведзена ў выкананьне. Апроч таго, злучэньне дзьвюх дзяржаў і ўтварэньне аднэй вялізарнай дзяржавы супярэчыла інтарэсам крыжакоў, якія ў гэты час імкнуліся захапіць некаторыя краіны як княжства Літоўска-Беларускага, так і кароны польскай. Усё гэта прывяло да таго, што акт вуніі застаўся на паперы. Ужо ў 1392 г. Вітаўт, апіраючыся на крыжакоў, становіцца незалежным літоўска-беларускім гаспадаром.

Літоўска-Беларускае княжства захавала, такім чынам, незалежнасьць і такое палажэньне цягнулася да другой паловы XVI ст. Праўда, пэрсональныя вуніі, г. зн. што адны і тыя асобы займалі пасады і караля польскага і вялікага князя літоўска-беларускага, адбываліся, але гэта зусім не парушала незалежнасьці княжства, асабліва прымаючы пад увагу выбарнасьць пасады вялікага князя і абмежаванасьць яго ўлады.

Соцыяльны склад грамадзянства.

У збудованай Літоўска-Беларускай дзяржаве жыхарства распадалася на станы, якія паступова ўсё болей і болей адмяжоўваліся адзін ад аднаго. Станы складаліся з сялян, мяшчан, шляхты і паноў.

Сяляне.

Вярхоўнае права на зямлю ў Літоўска-Беларускім княжстве. або „поўнае права і панства" (jus dominium) належала з пачатку гаспадару—вялікаму князю—і другім князём, а з канца XIV ст. гэтае права стала прызнавацца за царкоўнымі ўстановамі і за земляўласьнікамі баярскага стану, якія сталі называцца „баронамі", або панамі. На гэтых землях працуючае жыхарства толькі карысталася зямлёю, за што яно адбывала розныя павіннасьці.