Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/15

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

новы гораду; што датычыць мястэчак, то гэта зьява была зусім новай для рускага ўраду і перад ім паўстала пагроза паншчыны. Загадам 3 мая 1783 г. у падатках мяшчане прыватна-ўласьніцкіх мястэчак былі прыроўнены да сялян.

Для жыдоўскага жыхарства была ўстаноўлена "мяжа аселасьці" і некаторыя абмежаваньні ў правох. Загадам Лізаветы 1742 г. жыдом у межах імпэрыі было забаронена жыць бязумоўна. Кацярына ІІ ў 1769 годзе дазволіла жыдом толькі часова сяліцца ў Новарасійскай губэрні, напалавіну яшчэ бязьлюднай. Пасьля першага падзелу Польшчы, у склад імпэрыі увайшло ўжо тубыльнае жыдоўскае насяленьне, складаўшае да 2 проц. усяго далучанага насяленьня. У першай абвестцы генэрал-губэрнатара было даклеравана захаваньне тых маёмасных і рэлігійных правоў, якімі жыды карысталіся да гэтага часу. Фактычна становішча жыдоў стала зусім іншым: у 1783 г. ім забаронена гнаць гарэлку, уводзіцца павялічаны пагалоўны падатак, а 23 сьнежня 1791 году было абвешчана, што „евреи не имеют никакого права записываться в купечество во внутренние российские города и порты". На аснове гэтага загаду Маскоўская гарадзкая ўправа зрабіла пастанову выселіць усіх жыдоў, якія жылі ў межах Маскоўскай губ., даўшы ім тэрмін у 8 месяцаў. Хадайніцтва беларускіх жыдоў, паданае праз гэн.- губэрнатара аб дазваленьні гандлю з гарадамі імпэрыі, як згоднае з гарадавым палажэньнем і не забароненае ў загадзе 1791 г., каторы забараняў сяліцца, а не вясьці гандаль, ня мела пасьпеху. Такім чынам была ўтворана недарэчная „Мяжа аселасьці".

З далучэньнем Беларусі зьявіліся грамадзяне ня толькі праваслаўнай веры, але і каталіцкай і вуніяцкай. Ня гледзячы на загад аб верацярплівасьці, шчырыя чыноўнікі пачалі пераводзіць, пэўна, не бяз прымусу, цэлыя натоўпы вуніятаў у праваслаўную веру. Пераход, аднак, не палепшыў соцыяльнага становішча сялян, якія аставаліся пад уладай свайго пана, хоць і другой веры. У кароткі пэрыяд да 3 міліёнаў вуніятаў Беларусі і Украіны былі далучаны да праваслаўнае царквы.

Агульны пагляд ураду Кацярыны ІІ на Беларусь быў як на краіну расійскую, і з гэтага пагляду праводзілася ўся політыка. З прычыны гэтага, замест Літоўскага статуту, было ўведзена Улажэньне 1649 г., устарэлае і вырасшае зусім на другім грунце.

У справах асьветы ўсё аставалася, як раней, апроч адчыненьня некалькіх расійскіх школ ва ўсходняй Беларусі.

З часоў Паўла І пагляд на Беларусь мяняецца. Урад лічыць Беларусь польскай краінай. Добрым вынікам гэтай перамены было аднаўленьне дзейнасьці даўнейшага беларускага права. Быў зноў уведзен Літоўскі статут. Пры Аляксандры І політыка не зьмянілася. Зьяўляецца думка аб адбудаваньні Рэчы Паспалітай, у склад якой павінна ўвайсьці і Беларусь. Ажыцьцяўленьню гэтага, аднак, перашкаджаюць пагляды консэрватыўных расійскіх колаў, якія стаялі па паглядах ураду Кацярыны ІІ. Затое адчыняецца магчымасьць для мясцовай культурнай працы.

У 1803 г. быў утворан Віленскі вучэбны вокруг, на чале якога становіцца паляк, князь А. Чартарыйскі. 18 мая 1803 году адчыняецца Віленскі ўніверсытэт. Ад універсытэту залежаць сярэднія школы, якіх было да 70. Большасьць школ была пад клерыкальным уплывам, і моваю выкладаньня была польская мова. Беларуская мова захоўваецца толькі ў школах вуніяцкіх. Для польскай культуры ў Беларусі адчыніліся шырокія прасторы, што прызналі ў свой час самі палякі, і паланізацыя Беларусі йдзе самым шырокім і шпаркім крокам. Аднак пры Віленскім універсытэце адчуваюцца і мясцовыя беларускія элементы, асабліва ў патайных гурткох, на чале якіх стаяць — спачатку А. Міцкевіч, потым Ян Чачот і др. Сябры гурткоў цікавяцца краязнаўствам