Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/14

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Беларусь у складзе Расійскай імпэрыі.

Пасьля трох падзелаў уся этнографічная тэрыторыя Беларусі ўвайшла ў склад Расійскай Імпэрыі. Пасьля першага падзелу 1772 году да Расіі адыйшлі ваяводзтвы: Магілёўскае, Мсьціслаўскае і частка Полацкага. З гэтых ваяводзтваў злажылася Магілёўская губэрня і тры провінцыі Пскоўскай — Дзьвінская, Полацкая і Віцебская. Насяленьне, жыўшае на гэтай тэрыторыі, складалася з наступных групаў: сялянства, належаўшае да дзяржавы — 199, 575 чал., сялянства, быўшае пад прыгонам шляхецтва — 316,322 чалав., шляхецтва — 5,521 чалавек, мяшчанаў у Магілёўскай губэрні — 39,328 мужчын і 39,435 жанчын і мяшчан провінцыі Пскоўскай губэрні - 49,078 чал. таго і другога роду. Усяго 649,259 чалав.[1]

Па другому падзелу Рэчы Паспалітай да Расіі перайшла Меншчына, з якой была ўтворана Менская губэрня. Насельнікаў: дзяржаўных сялян — 81,599. царкоўных і манастырскіх—111,921, сялян прыватных уласьнікаў—599,741. Усяго сялян 793,261.

Па трэцяму падзелу 1795 г. Расія атрымала заходнюю Беларусь, з якое злажыліся губэрні: Віленская і Слонімская (Горадзенская). Агульны лік насяленьня бяз шляхты — 796,333 мужчыны і 771,560 жанчын.

Такім чынам уся этнографічная Беларусь увайшла ў склад Расіі. Загадам, выданым для ведама ўсяго насяленьня, было абвешчана, што ўсе насельнікі карыстаюцца тымі самымі правамі, як і насельнікі самай Расіі. Для шляхецтва пераход пад уладу Расіі быў выгадным. У Расіі якраз тады быў самы росквіт паншчыны, і шляхецтва адчувае сябе амаль што лепей, чым у Польшчы. Становішча сялянства значна пагоршылася. Дзяржаўныя падаткі павялічыліся ў 6 разоў у параўнаньні з тымі, якія плаціліся ў скарб Рэчы Паспалітай. Зьмяніўся характар прыгону. Злажыўшыся гістарычны прыгон у Беларусі меў характар прымацаваньня да зямлі, а не да пана. З пераходам пад уладу Расіі, селянін становіцца прадметам гандлю бяз сувязі з зямлёй. Ня гледзячы на протэсты мясцовай адміністрацыі ў асобе гэн.-губ. Чарнышова, даказваўшага ў сваіх допісах цэнтральнаму ўраду аб адсутнасьці такога звычаю ў Беларусі, Сэнат зацьвердзіў гэта права за панамі і на тэрыторыі Беларусі, каб не рабіць розьніцы з другімі часткамі Расіі ў правох паноў. Асоба селяніна была аддана ў поўнае распараджэньне пана, які атрымлівае па закону 1773 г. права караць мужыка ўва ўсіх выпадках водле свайго пагляду. На пана мужык ня мае права падаваць, нават, скаргі ўраду пад страхам кары бізуном і высылкі ў Сыбір.

Становішча мяшчан таксама пагоршылася. У Беларусі быў значны лік гарадоў і мястэчак. Вялікая частка іх карысталася Магдэбурскім правам. Па загаду ўраду Кацярыны ІІ гэта права было зацьверджана за гарадамі, але адсутнасьць гэтага права у рускіх гарадох пазбавіла яго, гэтага права, і беларускія гарады. Мяшчане былі абложаны пагалоўнымі падаткамі, а затым у 1783 г. былі падзелены на 2 разрады: купцоў і мяшчан. Купцы плацілі падаткі з капіталу, а за мяшчанамі астаўлен пагалоўны падатак. У вайсковай павіннасьці мяшчане былі прыроўнены да сялян. Купцы і мяшчане жыдоўскага пахаджэньня загадам 1794 г. былі абложаны падвойным падаткам. Тым, хто не захоча застацца ў межах імпэрыі, дазволена было выехаць за межы дзяржавы пасьля выплаты трайнога падатку за тры гады. Устава аб губэрнях надала новую агульна-расійскую організацыю станавым купецка-мяшчанскім судом, а гарадзкое палажэньне 1785 году організавала па агульнарускаму прыкладу фінансава-адміністрацыйныя ўста-

  1. Жукович. Сословный состав населения Западной России в царствованние Екатерины II