Старонка:Друшчыц. Галоўныя моманты гісторыі беларускага народу.pdf/13

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

мела права выбіраць караля, выбіраць паслоў і быць выбраным у сойм, займаць вышэйшыя пасады і мець маёнткі. Абавязкам яго зьяўлялася толькі вайсковая служба ў паспалітым рушэньні. Пры такіх экономічных, соцыяльных, політычных і рэлігійных варунках лёгка зразумець прычыны зьяўленьня цэлага шэрагу паўстанцкіх рухаў з канца XVI і першай паловы XVII ст.

У гэтых рухах элемэнты соцыяльныя пераплятаюцца з рэлігійнымі, і вельмі часта прымаюць удзел групы грамадзянства з супярэчнымі інтарэсамі. Першае паўстаньне пачалося ў 1595 г. у Надпрыпяцкіх і Падняпроўскіх краінах на чыста соцыяльным грунце і было протэстам супроціў узмацненьня прыгону. Але змагацца збройнаю сілаю, дзякуючы моцы шляхецтва, было немагчыма. Сялянства шукае другога выхаду — яно ўцякае на Украіну, дзе далучаецца да казакоў.

Пры паўстаньнях на Украіне, адначасна, як водгук, падымаюцца паўстаньні і на Беларусі. Асабліва моцны паўстанцкі рух падняўся ў часы Багдана Хмяльніцкага. Паўстала ўся Надпрыпяцкая і Падняпроўская краіна да самага Магілёва. Пры гэтым удзел прыняло ня толькі сялянства, але і мяшчанства і, нават, дробнае шляхецтва. У гэтых паўстаньнях пераблыталіся ўсе элемэнты, нездаволеныя сваім становішчам тае ці іншае прычыны. Паўстаньне было прыдушана самым жорсткім спосабам. Шляхецтва перамагло і ўмацавала сваю дыктатуру.

Але, апроч паўстаньняў, барацьба нацыянальная і рэлігійная йшла і легальным шляхам. Вышэйшы стан беларускага грамадзянства — паны, шляхецтва і буйнейшае мяшчанства вельмі хутка абярнуліся ў каталіцкую веру і, атрымаўшы польскую адукацыю, паланізаваліся. Сярэдні стан — мяшчанства — выступае на абарону свае рэлігіі і нацыянальнасьці. Змаганьне вядзецца асобнымі організацыямі — брацтвамі — праз друк і школу.

Брацтвы—установы ў Беларусі даўнія; яны ўтварыліся пры царквох і былі саюзамі дзеля рэлігійных мэтаў. Вельмі часта цэхі рамесьнікаў організоўваліся ў брацтвы і мелі свайго патрона, у залежнасьці ад спэцыяльнасьці, у асобе якога-небудзь сьвятога. У канцы XVI ст. брацтвы перафармаваліся і сталі рэлігійна-нацыянальнымі саюзамі. Яны тады ўжо складаліся не па цэхах, а нават з розных станаў. Шляхецтва таксама ня чуралася брацтваў, але галоўным элемэнтам брацтваў былі рамесьнікі. Брацтвы ўтварыліся ў розных гарадох. Найболей вядомы Віленскае, Полацкае, Магілёўскае, Віцебскае, Менскае, Аршанскае, Мсьціслаўскае і інш. Брацтвы адчыняюць школы і друкуюць цэлы шэраг кніг на абарону сваёй веры і нацыі.

Ня гледзячы на гэтае змаганьне, перавага ў барацьбе пераходзіць на бок каталікоў, у якіх было больш матар‘яльных і культурных сродкаў. Самыя гарады перажываюць экономічны крызіс. Перамогшы соцыяльны рух сялянства, ня трудна было заціснуць культурны рух мяшчанства. Прыціск паступова павялічваецца. У 1697 г. мова беларуская у дзяржаўным ужытку, як дзяржаўная, замяняецца моваю польскаю. Правамоцны стан грамадзянства — шляхецтва — ужо да гэтага часу паланізаваўся, а з другімі станамі ніхто ня лічыўся. У 1712 г. быў выданы закон, па якому канцлеру забаранялася прыкладаць пячатку да актаў, чым-небудзь карысных для некаталікоў. Конфэдэрацыя 1732 г. зьнішчыла політычныя правы праваслаўнага шляхецтва, а ў 1766 г. забаронена, нават, гаварыць у сойме на карысьць дысыдэнтаў.

Такія акты самі па сабе сьведчаць аб якойсьці хворасьці дзяржавы. Такой хваробай зьявіўся клерыкалізм і дыктатура шляхецтва, скарыстаўшая сваю політычную гегемонію ў сваіх клясавых інтарэсах і давёўшая да зьбядненьня і заняпаду мяшчанства і гарады і поўнай няволі сялянства. Вынікам была політычная анархія — бязладзьдзе, скарыстанае суседзямі: Прусіяй, Расіяй і Аўстрыяй, падзяліўшымі рэч паспалітую паміж сабою.