Старонка:Дружчыц Да пытаньня аб мове літоўскага статуту.pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

юць значэньня; ён лінгвістычных довадаў і ня прыводзіць. У сваіх вывадах ён не апіраецца асабліва і на гістарычныя факты, бо і яны ня зусім небясьпечны для яго вывадаў. Галоўным палажэньнем і апорай для вываду проф. Лашчэнкі зьяўляецца тое, што дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага завецца „рускаю", а назва „Русь" належыць толькі Кіеўшчыне і Украіне, і на падставе пераемнасьці трэба прызнаць, што мовай і Статуту і дзяржавы была мова украінская. Трэба перш за ўсё зьвярнуць увагу на назву Русь. Гістарычнай навукай даведзена, што назва Русь на­лежыць ня толькі Украіне, з яе асяродкам Кіеўшчынай, але і іншым землям. Па досьледах проф. Любаўскага „літоўска-рускія акты абазначаюць імем "Русь" воласьці, якія ляжаць па сярэдняму Дняпру і яго прытоках: Сажу, Бярозе і ніжняй Прыляці"[1]. Пасьля далучэньня гэтых зямель да Літоўскага Княства, яно пачынае звацца офіцыйна літоўска-рускім і ўжо Гедымін за­ вецца rex Litvanorum Ruthenorumque, а па заяве самога проф. Лашчэнкі украінскія землі далучыліся да Літвы толькі ў другой палове XIV сталецьця. Назва княства Літоўска-Рускае, а князя літоўска-рускім зьяўляецца такім чынам, раней, чым уваходзяць украінскія землі Кіеўшчына, Валынь, Падольле і Ноўгарад-Северскія землі ў склад Літоўскага княства. Адначасна з офіцыйнай назвай у актавай мове Русь і рускі зьяўляецца і назва Белая Русь— Беларусь.

Па досьледах акадэміка В. І. Ламанскага, назва Белая Русь зьяўляецца ў нямецкіх і польскіх пісьменьнікаў у XIV сталецьці. Так нямецкі поэта П. Сухэнвірт, які жыў у другой палове XIV і першай палове XV сталецьця, дае апавяданьні аб розных нямецкіх рыцарах, што езьдзілі біцца з літвінамі і рускімі і там не адзін раз гаворыць аб Беларусі. Напрыклад, у вершы аб Фрыдрыху Крэйцнэке, які памёр у 1360 г., Сухэнвірт гаворыць, што ён паехаў у Прусію, „а потым у Беларусь"; іншыя рыцары таксама бывалі на Беларусі (Weisen Reuzzen).

Польскі пісьменьнік XIV сталецьця—Ян Чарноўскі, пішучы аб узае­маадносінах Кейстута да Ягайлы, пад 1382 г. апавядае, што за год перад гэтым Ягайла з маткаю быў засаджаны „у адным замку Беларусі, які завецца Полацкім" (in quondam castro Albae Russiae, Polozk dicto). Такія-ж назвы сустракаюцца і ў пісьменьнікаў XV сталецьця. Аб Беларусі гаворыцца як аб краіне вядомай. Адсюль можна зрабіць натуральны вывад, што гэтая назва была агульна вядомай, жывой народнай назвай і ўжывалася з даўніх часоў. „З праўдзівасьцю можна думаць",—піша проф. Ламанскі,—што гэтая назва болей старажытная, чым Альгердавы часы і нават Гедымінавы, што яна існа­вала і ў канцы і нават у палове XIII сталецьця"[2]. Так, напэўна, зваў сябе рускі народ у Літве, а, можа быць, так звалі яго суседзі, піша акад. Карскі.

Маскоўцы таксама ведалі краіну, якая звалася Беларусьсю. Іван ІІІ, маскоў­скі князь, далучыўшы ў канцы XV сталецьця частку беларускіх зямель, заве сябе князем „Белай Русі". Канчаткова гэты тытул замацаваў Аляксей Міхай­лавіч, аб чым піша Каташыхін: „А пишетца та титла Великия и Малыя и Белыя России Самодержец—не изстари, внове, пры нынешнем царе (Аляксеі Міхайлавічы). Белая Россия—Белорусцы, которые живут около Смоленска и Полоцка, и в иных городах".

Такім чынам, назва Белая Русь—Беларусь,—назва старажытная і вя­дома добра ўсім суседзям. Гэтая-ж назва адпавядае таму, што офіцыйна завецца Русьсю ў іншых крыніцах, якія належаць па зьместу да „Беларусі" і назвы „Русь" і „рускі" ўжываюцца адначасна з назвамі Беларусы „беларускі" так што ў некаторых выпадках гэта зьяўляецца сінонімамі, калі гаворыцца аб краіне, якую займае беларускі народ.

Нас асабліва цікавіць як мова Статуту, так і дзяржаўная мова Вялікага Княства Літоўскага. Па думцы проф. Р. Лашчэнкі, гэтая мова была украін-

  1. М. Любавский. Областное деление и местное управление Литовско-Русского государства, ст. 12
  2. Цытую па Карскаму, Белоруссы т. І.