Старонка:Дружчыц Да пытаньня аб мове літоўскага статуту.pdf/4

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тутаў моваю рускаю, або паўднёва-рускаю. Другі довад сувязь Літоўскага Статуту з „Рускою Правдою", што даведзена ў працах Чацкага, Ліндэ, Да­нілевіча і Строева.

У сваіх імкненьнях давесьці, што моваю Літоўскага Статуту зьяў­ляецца толькі украінская мова,проф. Р. Лашчанка прызнае ўплывы беларус­кае мовы. „На мове Літоўскага Статуту, бязумоўна, адбіліся і ўплывы беларускае мовы і адбіліся так выразна, што некаторыя з вучоных і да гэтага часу трымаюцца погляду, што ўрадаваю моваю ў Літоўска-Рускай дзяржаве была мова беларуская. Літоўска-Руская дзяржава,—піша, напрыклад, расій­скі акадэмік Шахматаў,—у культурных адносінах была беларускаю. Бела­руская гутарка становіцца дзяржаўнаю мовай Літоўскай Русі, а культурны ўплыў беларускае народнасьці ахапляе ўсе тыя сярэдня-расійскія краіны, якія не падпалі пад уплыў Масквы." Проф. Лашчанка прымушаны не абмі­нуць такога факту, што некаторыя нават украінскія вучоныя, як проф. Да­рашэнка („Славянський світ в його минулому і сучасному" (Берлін 1922 г. т. І), як і акад. А. Шахматаў, прызнаюць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім беларуская мова была моваю дзяржаўнаю, а на гэтым грунце залічаюць і Статут у лік памятнікаў беларускага пісьменства.

Але довады проф. Дарашэнкі і акадэміка Шахматава не пераконваюць проф. Лашчэнку. „Мы ня можам пагадзіцца з довадам",—піша проф. Лашчанка, - што Літоўская дзяржава ў культурных адносінах была толькі беларускаю, і што ласьне беларуская мова ў ёй была моваю дзяржаўнаю. З да­лучэньнем да Літвы Кіеўшчыны, Валыні, Усходняга Падольля і іншых укра­інскіх зямель, украінскае насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім складала бязумоўную і пераважную большасьць ў параўнаньні з элемэнтам беларус­кім і ўжо праз гэта адно ўплывы ўкраінскае мовы павінны былі панаваць ў цэлай дзяржаве. У кожным выпадку, у эпоху Статутаў, дзяржаўнаю мо­ваю ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо офіцыйна лічылася мова „руська", аб чым ясна вызначае Статут: „А писар земскай маеть по руску литерами и словы рускима вси листы, выписы и позвы писати, а не иншым языком и словы". (Статут 1588 г., разьдз. IV. арт. І). З погляду проф. Лашчэнкі пад рускаю моваю ў той час разумелася „південно-західня руска мова", гэта значыць „мова ў самай аснове украінская, якая беспасярэдна вяла сваё пахаджэньне, сваю гісторыю і сваю традыцыю ад колішняй мовы старой Кіеў­скай Русі, тэй Русі, ад якой, наогул, пайшла ўся руская культура. Думаць іначай, гэта значыла-б адкідаць пераемнасьць культурна-гістарычнай трады­цыі наогул, якая не перарывалася ў Літоўска-Украінскай Дзяржаве і пасьля далучэньня цэнтральных украінскіх зямель да Літвы, і якая пашыралася з Кіеву".

„Вось гэта паўднёва-заходняя („руськая") мова, (мова Кіеўшчыны, Падольля, Чарнігаўшчыны) з моцнаю прымешкаю элемэнту беларускага і царкоўна-славянскага (а потым пазьней і элемэнту польскага) і ўжывалася ў Вялікім Княстве Літоўскім, як мова дзяржаўная, да самага канца XVII сталецьця, калі на падставе констытуцыі Coaequatio jurium у 1697 г. і адбылося так званае зраўнаньне правоў Літвы з каронаю, вынікам чаго офіцыйнаю юрыдычнаю моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была абвешчана мова польская".

Па думцы проф. Р Лашчэнкі, украінская мова адбілася і на мове беларускай таго часу і да самай констытуцыі 1697 г. офіцыйнаю моваю ў Вялікім Княстве Літоўскім была мова „руська", што сабою адзначае мову украінскую.

Такім чынам, проф. Р. Лашчанка прыходзіць да вываду, што моваю Статуту ва ўсіх трох рэдакцыях была мова украінская, а адсюль натуральна і дзяржаўнаю моваю Літоўскага княства была мова украінская.

Довады лінгвістых, як акадэміка Шахматава, які прызнаў на падставе лінгвістычных крыніц, што моваю Статуту, а адсюль і дзяржаўнаю ў Літоўска-Беларускім Княстве была мова беларуская,—для проф. Лашчэнкі ня ма-