Старонка:Дружчыц Да пытаньня аб мове літоўскага статуту.pdf/3

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

седов таго панства и всих земель ему прислухаючих, важилсе што с того упросити, взяти и в держанье прийти, а упомененый будучи того за разом не пустил, тагды маетность его вся маеть быти взята до столу и скарбу нашого Великого Князства Литовского".

Такая выразная і ясная пастанова, безумоўна, не магла адносіцца да Украіны, бо Украіна ня была "паньством“, г. значыць дзяржавай, а толькі часткаю дзяржавы і ня Вялікага Княства Літоўскага, а каралеўства Польскага. Будучы констытуцыяй княства, Статут 1588 году ня мог быць сводам законаў для Украіны, бо гэта не адпавядала яе запраўднаму палажэньню. Зразумела, у артыкулах, якія зьмяшчалі цывільнае права, крымінальнае права і процэс, было многа супольнага з папярэднімі Статутамі 1529 і асабліва 1566 г.г. Гэта можа быць грунтам для размовы аб аднолькавых крыніцах як беларускага, так і украінскага права, але абвяшчаць Статут 1588 году, як гэта робіць проф. Лашчанка, сводам украінскага права, мне здаецца, ня пры­ходзіцца. Між тым проф. Лашчанка, разглядзеўшы замахі на Літоўскі Ста­тут 1588 г. польскіх вучоных, якія залічалі Статут у памятнікі польскага права, і расійскіх вучоных, якія залічалі яго да памятнікаў расійскага права, нарэшце заўважае: „Але апроч палякаў і расійцаў, якія прэтэндуюць на Лі­тоўскі Статут, як на продукт творчасьці нацыянальнага генія свайго народу,— "право на Статут зяявляють також і білоруси".

Заданьне нашага кароткага нарысу, - піша далей Р. Лашчанка, - уласна ў тым, каб давесьці тыя асноўныя палажэньні, якія замацоўваюць належнасьць Літоўскага Статуту да памятнікаў права украінскай праўнай творчасьці. Нам здаецца, што настаў ужо час у інтарэсах об'ектыўнай праўды(?), унікаць па мажлівасьці ў навуковых досьледах Літоўскага Статуту тэндэнцыйных імкненьняў!—настаў час паставіць кропку над „і" адкрыта і шчыра, адкідаючы ўсё, што спрыяе затуманеньню ісьціны". „На на­лежнасьць Літоўскага Статуту, як памятніка права, украінскаму народу паказ­вае перш за ўсё тая мова, якой былі пісаны ўсё тры рэдакцыі Статуту. Мова гэтая, як вядома, была моваю дзяржаўнаю. Мова „руська" ад слова „Русь", а назва „Русь" спачатку, як вядома, была назваю зямлі Палян, зямлі кіеў­скае, - асяродку Украіны. Адсюль гэтая назва пашыралася потым і на іншыя этнаграфічныя украінскія землі, напрыклад на Чарнігаў, Галічыну і гэтак далей, а таксама і на тыя, што падпадалі патроху пад уплывы кіеўскай дзяр­жаўнасьці і кіеўскай культуры. Яшчэ і ў XII і нават ў пачатку ХII сталецьця „Русь" у некаторых выпадках рэзка выдзяляецца летапісцамі ад неукраінскіх этнографічна зямель: ад Ноўгараду, Смаленску, Полацку і інш."

Далей проф. Лашчанка даводзіць, калі назва „Русь" пачала ўжывацца для сябе Масквою, затым піша аб тым, што Украіна ў другой палове XIV сталецьця пачала ўваходзіць у склад Вялікага Княства Літоўскага, „пашы­рыўшы ў ім сваю „руську", гэта значыць,—украінскую культуру настолькі, што „руська" мова стала моваю ўрадаваю, моваю вялікакняскага двара. Па азначэньні проф. Любаўскага, з Літоўскім Вялікім Княствам у гэтым разе здарыўся вельмі характэрны выпадак: народнасьць, якая політычна панавала, падпала пад духоўны і культурны ўплыў народнасьці залежнай. Адсюль, бя­ручы пад увагу, што назва „Русь" (а ад Русі і слова рускі) была ўласна этнографічнаю назваю народу „украіньского", што старадаўнім асяродкам культуры „руськой" або „украіньскоі" была Кіеўшчына, што Літва з далу­чэньнем да яе цэнтральных і заходніх украінскіх зямель падпала ў значнай меры пад беспасрэдны ўплыў кіеўскай культуры, культуры украінскай і што, апроч, украінскага права („Руська Правда"), яшчэ правадніком гэтай куль­туры была „руська" мова,—ня можна не згадзіцца з думкамі тых вучоных, якія прызнаюць, што моваю Літоўскага Статуту, як і другіх багатых памят­нікаў літоўска-украінскага права, была мова „паўднёва-руська", або мова украінская". Галоўным грунтам для такога заключэньня Р. Лацінянкі зьяўляецца праца проф. Кісьцякоўскага, які ў сваім творы: „Права, по которым судится малороссийский народ" (Кіеў 1879 г ), называе мову ўсіх трох ста-