Старонка:Дружчыц Да пытаньня аб мове літоўскага статуту.pdf/2

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ніна проф. Р. Лашчэнкі. Справа ў тым, што ўмовы Люблінскай уніі зусім ня былі аднолькавы для Вялікага Княства Літоўскага і ўкраінскіх зямель. У той час як украінскія землі былі непасрэдна далучаны да Польшчы, інкорпаваны і апынуліся ў такім-жа становішчы як і зямля Серадская, Каліевая і іншыя, сьцісла польскія землі, Вялікае Княства Літоўскае захавала сваю дзяржаўную незалежнасьць, маючы толькі супольнага караля і Сойм. Ня ду­маю, каб проф. Р. Лашчэнку была невядома тая розьніца ўмоў, на якіх увай­шлі ў склад Рэчы Паспалітай Украіна і Вялікае Княства Літоўскае. Ён наўмысьля зьвяртае ўвагу толькі на дэклярацыйную частку Люблінскага пры­вілею і зусім не гаворыць аб рэальных умовах аб'яднаньня. У той час як Вялікае Княства Літоўскае ўвайшло ў склад Рэчы Паспалітай на фэдэрацыйных умовах, як роўны з роўным, украінскія землі былі проста далучаны да Польшчы, або, як тады казалі, да Кароны. Становішча Украіны, далучанай да Кароны, і Літвы як самастойнае дзяржавы—не магло быць зроўнена. У самыя лепшыя часы сваёй перамогі над польскімі войскамі украінцы марылі, каб дабіцца такой дзяржаўнай незалежнасьці, якую мела Літоўска-Беларус­кае Княства пасьля Люблінскай уніі і нават дамагаліся тэй-жа самастой­насьці і сувязі з Польшчай у такой-жа форме, якую мела Літва.

Дзякуючы такому няправільнаму пагляду на гістарычныя падзеі, зьвя­заныя з актам Люблінскай уніі, і ўсе далейшыя разважаньні проф. Р. Лаш­чэнкі па самай сваёй сутнасьці, няправільныя. Нельга згадзіцца ўжо з галоўным палажэньнем проф. Лашчэнкі, што Статут 1588 году зьяўляецца памятнікам украінскага права. Калі мы ня можам спрачацца адносна таго, што першыя два Статуты зьяўляюцца аднолькава памятнікамі як беларускага, так і украінскага права, то зусім іншае палаженьне займае Статут 1588 году. Ужо гісторыя яго пахаджэньня і самы час утварэньня кажуць аб іншым. Для складаньня III Статуту яшчэ на Люблінскім Сойме была ўтворана камі­сія з 14 асоб. У склад гэтай камісіі не ўвайшлі ні польскія, ні украінскія прадстаўнікі; сябрамі яе былі - ад паноў радных: біскуп віленскі Валерыян Пратасевіч, кашталян жамойцкі Мэльхіор Шэмэт, ад шляхты-стольнік Вялікага Княства Літоўскага Мікола Дарагастайскі, князь Лукаш Сьвірскі, Ян Стан­кевіч, Бэнэдыкт Юрага, князь Павал Сакалінскі і іншыя. Апроч таго ў камісію ўвайшоў вядомы ў той час юрысты, віленскі войт Аўгустын Ротундус. Пацьверджаньне Статуту выклікала многа працівадзейнасьці з боку Польшчы. Толькі скарыстаўшы бескаралеўе 1586-7 гадоў Літоўска-Беларускаму Княству ўдалося вырваць з рук польскіх паноў згоду на зацьвярджэньне Статуту каралём 28 студзеня 1588 г. Пытаньне аб тым, якім спосабам быў зацьверджаны Статут 1588 г., доўга выклікала сярод вучоных спрэчкі і цяпер існуе цэлая літаратура па гэтым пытаньні (гл. И. Лаппо. К вопросу об утверждении IІІ Литовского Статута). Барацьба за статут адбілася на яго зьмесьце. Статут 1588 г. зьяўляецца запраўднай і грунтоўнай констытуцыяй Літоўска-Беларускага Княства пасьля 1569 г. Статут значна папраўляў пастановы Люблінскай уніі, а некаторыя артыкулы і зусім скасаваў. Як дзяржаўная канстытуцыя, Статут зусім не падыходзіць да таго політычнага палажэньня, якое займала ў той час Украіна. Калі на Украіне палякі маглі займаць урады і набываць "аселасьць", то нічога падобнага ня было ў межах Літоўска-Бе­ларускага Княства і раздзел III, арт. 12 гэта выразна забараняе. „Также мы, господар, обецуем и шлюбуем под присегою нашою, которую учинили есмо Великому Князству Литовскому, и всим станом обывателем его,... штож в том паньстве Великом Князстве Литовском и во всих землях ему прислухаючих достойностей духовных и светских, городов, дворов, кгрунтов, старо­стве, держав, врядов земских и дворных, посесый або в держанье и поживаньне и вечностей жадных чужоземцом и заграничником, а ни суседом того паньства давати не маем, але то все мы и потомки наши великие князи Литовские давати будем повинни только литве, руси, жомойти, родичом старожытным и уроженцом Великого Князства Литовского и иных земль тому великому князству належачих, а кто бы з чужоземцов заграничников и су-