Старонка:Дружчыц Да пытаньня аб мове літоўскага статуту.pdf/1

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У Празе вышаў „Науковий Збірнік Украінського Універсітету в Празі“ (Том І, 1923 г.). У гэтым зборніку проф. Расьціслаў Лашчэнка (Лащенко) зьмясьціў свой артыкул пад назваю: „Литовський Статут як памятник украінського права“. У сваім артыкуле проф. Р. Лашчэнка робіць такія вынаходкі, міма якіх нельга прайсьці моўчкі, хоць падобных заяў і прэтэнзій на Літоўскі Статут, як на памятнік права, які, належыць то Польшчы, то Расіі, мы маем многа. Знайшоўся яшчэ адзін прэтэндэнт—украінскі вучоны, які хоча давесьці, што Літоўскі Статут ува ўсіх трох рэдакцыях зьяў­ляецца памятнікам украінскага права і ня толькі з боку яго зьместу, але і мовы.

У сваім артыкуле проф. Р. Лашчэнка спачатку дае, на аснове твораў Бершадскага і Леонтовіча нарыс гісторыі складаньня Статуту 1529 г. Сойм 1514 г. прасіў вялікага князя Жыгімонта Старога разьвязаць пытаньне аб выданьні Статуту. У 1522 г. Статут ужо быў апрацаваны і пасьля вянчаль­нага яго зрэдагаваньня, зацьверджаны ўхвалаю Віленскага Сойму 1528-1529 г. г., а ў восені 1529 г. стаў абавязковым кодэксам пісанага права для ўсяго Вялікага Княства Літоўскага. Літоўскі Статут 1529 году складаецца з ХІII разьдзелаў; разьдзелы падзяляюцца на артыкулы. Усяго Статут 1529 г. мае 264 артыкулы.

Жыцьцё не стаяла на адным месцы, і пасьля выданьня Статуту 1529 г. хутка стала адчувацца патрэба ў дапаўненьні яго новымі нормамі, якія-б адпавядалі запатрабаваньням часу. Пасьля 1529 г. шляхта набыла цэлы шэраг правоў, якія былі замацаваны за ёю прывілеямі. Так, напрыклад, соймам 1559 г. было зацьверджана права вывазу за граніцу тавараў, якія былі вы­раблены ў яе ўласных маёнтках. У 1563 г. быў адменены Гарадэльскі пры­вілей і былі скасаваны яго абмежаваньні, якія адносіліся да шляхты грэц­кага закону. Нарэшце на сойме 1564, 65 і 66 г.г. шляхта дабіваецца роў­насьці ў правох судовых з панамі і права зьбірацца на соймікі па паветах для абраньня сваіх паслоў на Вялікі Вальны Сойм і для вырашэньня іншых спраў. Вынікам гэтых зьмен зьявіўся Статут 1566 г.,—зацьверджаны Вялікім Вальным Соймам у Вільні.

Статут 1566 г. мае XIV разьдзелаў, якія падзелены на 366 артыкулаў. „Статут гэтай, другой, рэдакцыі выданы ва украінскіх землях, пад назваю Ва­лынскага Статуту. Гэтая назва была надана Статуту ў 1569 г. дзякуючы таму, што, згодна прывілею аб далучэньні Валынскай зямлі да каралеўства Польскага па акту Люблінскай уніі 1569 г., кароль зацьвярджаў за Валыньню, за ваяводзтвам Кіеўскім і Брацлаўскім права весьці судоўніцтва моваю укра­інскаю, на падставе Літоўскага Статуту гэтай другой рэдакцыі“.

Што датычыць украінскай („рускоі“) мовы, дык гэтым-жа прывілеем ён абяцяў станам зямлі Валынскай ужываць гэтую мову ва ўсіх судовых справах, згодна з жаданьнем усіх станаў зямлі.

„Пасьля выданьня гэтай другой рэдакцыі Літоўскага Статуту, здары­лася найважнейшая ў далейшай долі Літоўска-Украінскае дзяржавы падзея аб‘яднаньне па акту Люблінскай уніі 1569 г. Літвы і Польшчы ў адзіную непадзельную рэспубліку - Рэч Паспалітую. Карона Польская і Вялікае Кня­ства Літоўскае сталі як бы адным непадзельным целам... адзінай супольнай Рэчаю Паспалітай (Volumna legum, II,89). Люблінская унія шырака адчы­ніла дзьверы для ўплываў польскага права ў цэнтральных украінскіх зем­лях: хоць на палякаў і пасьля Люблінскай уніі 1569 г. у самым Вялікім Княстве Літоўскім не пакідалі глядзець як на чужаземнікаў, але пасьля уніі 1569 г. палякі набываюць важнае права на ўладаньне зямельнаю маёмасьцю на украінскіх землях“. З гэтага пункту пачынаецца гістарычная блыта-