Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/83

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І рушылі. А ноч такая цёмная,
Што носа ўласнага і то не бачыш.
І адчуваю я, што чорт нас ў цемры кружыць,
Давай чытаць я ўголас загаворы,
Якім мяне манах вандроўны навучыў.
Джузепе.
Дапамагло?
Джакобе.
Яшчэ, брат, як! Бо то-ж была замова,
Што сам Люцыпар ад яе у пекла-б збег.
Джузепе.
Ну, дык брашы далей.
Джакобе.
Не верыш, што такая ёсць замова?
Джузепе.
Чаму? Я сам адну замову знаю,
Што ад яе Люцыпар нават з пекла уцячэ.
Джакобе.
Дык вось, прышлі. Вартаўніка за горла,
Ключы ад пояса і ў храм. Там пад прастолам
Тайнік знайшлі, а лезці ўсе баяцца.
Палез ізноў-жа я. Тут чорт, відаць, пабачыў,
Што я палез, і за мае замовы
Люк каменем прыкрыў.
Туды, сюды я, — няма выйсця.
Ліраў колькі хочаш,
Чаш залатых да чорта.
Золата, каменне — самацветы,
А хоць-бы лом які, ці, нават, колі
Было акенца збоку: галава пралезе,
А плечы не. І камень нетаўсты, стары.
Давай зубамі грызці. Вось гэты зуб зламаў,
А выгрыз дзірку, вылез…
Джузепе.
А мне казалі, што табе той зуб
Жанчына качаргою выбіла,
Як п’яны да яе палез.
Джакобе.
То зуб другі быў, гэты там зламаў.

(Джузепе толькі тут заўважыў, што Джакобе трымае ўжо толькі костку ад смажаніны: рэшту абгрыз).

Джузепе.
А смажаніну з’еў усё-ж, гад?
Джакобе (робячы выгляд, што здзіўляецца.)
З’еў?!
Даруй, браток, сам не заўважыў нават.
Джузепе.

Дык… костку дагрызай мне зараз!