Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/78

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Скажы: «Кахала і чакала. Кахаю больш яшчэ,
Ды не судзіў нам бог і злыя людзі».
І я пайшла, як пабірушка, і дайшла…
Георгій.
У Вільню, Товій!
Глагоўскі
У Прагу, сын мой! Спакушае бог цябе,
Як Іова. Мужайся! Утапі у працы
І гэты боль, бо нават богі
Зрабіць не могуць быўшае нябыўшым.
Георгій.
Не! Тады ў стан Глінскага,
Каб скласці галаву
На шаблю вострую.
Глагоўскі.
Каб ворагі сказалі дзякуй? Каб бацька твой
Пракляў цябе? Каб, вядучы цябе на плаху,
Смяяўся вораг твой з твайго народа?
Георгій.
О не, з народа я смяяцца ім не дам!
Я згодзен, мой настаўнік… Сцісну сэрца,
Пайду я пешкі праз Еўропу; сілу волі
Я накірую для адзінай мэты
У імя цябе, ў імя любві сваёй к табе,
Народ вялікі мой, пакутнік мой вялікі!
Дай, Товій, ненавіснае адзенне.
Ідзём, мой добры сябра!
Андржэяка.
Ідзём, Францышак!
Товій.
Я з вамі заўтра. Я ўцяку ад буквалітца.
Георгій.
Бывайце, дарагі настаўнік! Дзякуй
За вашу працу і за сэрца залатое дзякуй.

(Абнімаюцца, развітваюцца).

Арына.
А што сказаць мне Маргарыце? Адпачну,
Калі дазволіць гэты пан…
Глагоўскі.
Прашу я вельмі.
Арына.
… І пайду.
Георгій.
Скажы, Арына… Праклінаю час, калі
Спаткаў яе, ў які я ёй паверыў.
Які мне сэрца выпаліў пякучым болем…
Не! Не кажы таго!.. Скажы, што я люблю,

Што не забыць яе нідзе мне і ніколі,