Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/79

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Што абыйду я мора і зямлю,
А к ёй прыду такім, як быў, каб хоць памерці
Ля ног яе… Не, не кажы і гэта!
Скажы, што шчасця ціхага жадае
Табе твой Юрка, што гатоў ён сам
Пакуты несці на крыжы, каб вымаліць у бога
Ёй шчасця ціхага хвіліну. Толькі гэта
Скажы, Арына, ёй.

(Ён і Андржэяка вышлі).

Глагоўскі.
Ідзі, адпачывай, старая. Товій,
Запры запоры, коней сам дагледзь,
Каб сіл хапіла нават ад пагоні
Уратавацца, калі трэба будзе.

(Товій і Арына выходзяць. Глагоўскі адчыняе акно).

Не моцна шчасце чалавека ў свеце,
Не моцны й лёс мацарстваў і імперый.
Адна прырода моцна, роўнаважна,
Але затое і бяздушна. А што лепей,
Не знае чалавек… І, непакойны духам,
Будуе піраміды, храмы, творыць цуды
І разбурае іх… Шукае шчасця…
А дзе яно?.. А па якіх законах
І хто, і да якое мэты
Табой кіруе, непакойны дух наш?

(Задумваецца, гледзячы ў акно. Ціхенька ўваходзіць Товій).

Товій.
Пан прафесар, імем караля
Там нехта грукае у браму.
Глагоўскі.
Ідзі і адчыні.
Товій.
Мо’ з вока што прыбраць?
Глагоўскі.
Не трэба.

(Товій выходзіць).

Глагоўскі.
Святая інквізіцыя, напэўна?
Начныя кажаны святой савы,
Увенчанай тыарай рымскай,
Што не выносіць сонечных праменняў.
Што прывяло іх на святло акна майго?

(Зачыняе акно. Уваходзяць фон-Шпілер, Ёган, пісец, прыор і Товій).

Прыор.
Прабачце, пан прафесар, што позна

Турбуем вас. Ну, дзе студэнты, пане Шпілер?