Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/73

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Андржэяка.
Не Андржэяка я, а цэлы мех навін.
За вушы патрасі мяне, Францышак,
Пасыплюцца навіны, як арэхі з меха.
Студэнты.
А добрыя ці не твае навіны?
Андржэяка.
У кожным добрым ёсць благое і ў благім
Ёсць добрае. Памёр кароль у Вільні,
Памёр і цесць яго ў Маскве.
Апальны князь, здаецца, Глінскі Міхаіл,
Сцяў гродзенскага ваяводу, кажуць,
За здраду нейкую агульнай справе,
І ўзняў паўстанне на тваёй радзіме,
Брат Францышак.
Забржэзінскі.
Сцяў гродзенскага ваяводу? Ты не чуў
Як прозвішча яго? Мой бацька быў у Гродні…
Андржэяка (хлопае сябе па лобе).
Ах, рэшата пустое… Забржэзінскі…
Ён прозвішча назваў, ды я не думаў,
Што бацька твой…
Забржэзінскі.
Хто «ён»? Дзе быў ты? Чуў адкуль?
Андржэяка.
А ці-ж я не сказаў?
Да біскупа паслаў мяне пан прыор
А ў біскупа ганец, фон-Шпілер, проста з Вільні.
Ад Сігізмунда караля, якога там абралі.
Забржэзінскі.
Тады… бывайце! Сёння-ж еду ў Вільню,
І плача хай род Глінскага й саюзнікаў яго!
Андржэяка.
У Вільню проста не праедзеш. Той ганец
Даў крук вялікі: гарады ўсёй Беларусі
Паўсталі з Глінскім. Цар Васіль Маскоўскі
Ім раць сваю паслаў у дапамогу.
Георгій.
А Полацк як? Ты не пытаўся?
Андржэяка
Праз тое і спазніўся, што пытаўся.
Не, Полацк не паўстаў яшчэ.
Товій.
А Вільня як?
Андржэяка.
Ў руках у караля, хаця кароль не там,

Ён вышаў на сустрэчу перакопскім ордам.