Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/72

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У ціхай завадзі заўжды чарцям раздолле,
Як грэшніку у кляштары. Хваліся
І хто яна і дзе?
Георгій.
Я не забыўся, Товій, на яе. Сябры мае,
Я сэрца сёння шчасцем так напоўніў,
Што льецца аж праз берагі яно.
Гатоў і гэтай радасцю я з вамі падзяліцца.
Яна — анёл, мне даны шчодрым небам,
Псіхеі роўна прыгажосцю, не здарма
Яе жамчужынай ў святым хрышчэнні
Назвалі, Маргарытай.
Студэнты.
О то-ж бо то, што Забржэзінскага з сабой
Ты з Вільні звёз: баяўся, каб не ўкраў
Тваю жамчужыну, бо ён на пэрлы — гад!
Георгій.
Не ўкрадзе. У свяшчэнную я Падую пайду
І не адзін, са мною пойдзе Маргарыта.
Товій.
Дазвольце мне, як сценю, цераз год
Пайсці слядамі вашымі.
Студэнт.
А як сляды ты тыя знойдзеш?
Товій.
Па ружах,
Якія расцвітуць на іхніх сцежках ўсюды.
Глагоўскі.
За шчасце доміне Францышка
Па поўнаму каўшу!
Забржэзінскі.
Не, трэба тут па два
І чарачку маленькую ў дадатак!

(Уваходзіць Андржэяка, чэх).

Андржэяка.
Хто скажа, што спазніўся я,
Няхай ён праглыне язык, замест закускі.
З’явіўся я якраз у час, калі
Налітыя каўшы яшчэ да рота не данеслі.
Коўш чэху Андржэяку!
Пасля узнаю, за каго п’ецё.

(Усе выпілі).

Я знаю, вы пілі за беларуса, за яго.
Георгій.
Дзякуй! (Абнімае.) А усё-ж спазніўся ты.
Дзе быў, што нават тайная вячэра Авентына

Цябе не прыцягнула, любы Андржэяка?