Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/54

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

К Маскве схіляюцца. А дробны пан, шляхцюк,
Масквы не хоча, князь, яму тут лепей.
Князь Глінскі.
Горш для яго-ж. Народ — кавадла,
А молат— князь. Між імі сплюшчыцца жалеза.
А ці-ж не так, князь Забржэзінскі?
Забржэзінскі.
Так, князь, вядома. Толькі ўсё-ж не шкодзіць
Павольна больш ісці да мэты, на свой бок
Схіляючы і шляхту. Шляхта — сіла!
Скамарох.
Гукні народу, княжа, наш народ іх зломіць.
Князь Глінскі.
Іх зломіць золата. І не такую сілу
Яно ламала. Тым больш што прагныя яны
На гульбішчы, на золата і на раскошу.
Дастанем золата, купцы?
Бабіч.
Князь, золата штодзень цячэ струменем тоньшым,
Цана тавараў пала, як ніколі.
Князь Глінскі.
Бо зачынілі вас літоўскія граніцы,
Як птушку ў клетцы, ходу вам няма.
Мы зломім клетку. Цар Іван,
Наследнік Бізантыйскіх кесараў, іх славы,
Адзіны кесар праваслаўны ў свеце,
Пад ногі ворагаў сваіх паклаўшы ўсіх,
Нам шле лісты і прапануе дапамогу, —
Калі мы тут заварым піва, ад якога
У Кракаве званы зазвоняць.
Забржэзінскі.
Але з царом нам таргавацца трэба,
Каб прывілеі нашы, што ад веку маем,
Былі не зрушаны.
Князь Глінскі.
Калі пачнём мы самі, цар іх не парушыць,
А калі ён пачне… Ну як, купцы?
Бабіч.
Ды мы не ад таго, князь, а к таму,
Каб толькі ўпэўніцца, што справа моцна,
Тады не толькі грошы, а й жыццё аддаць не шкода!
Вось Скарына… Ён скажа тое-ж і за Полацк.

(Уваходзіць Лукаш Скарына і доктар Балінскі).

Лукаш.
Паклон зямны мой, князь Міхайла. Кланяйся, Георгій,

Яму і доктару.