Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/53

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Князь Глінскі.
Знаю і хвалю, Георгій. На вайне
Патрэбна сіла і навука біць з пляча…
Навуцы гэтай можна навучыць мядзведзя.
Так ці што, Георгій?
Георгій.
Князь розуму пытаецца? Тады я адкажу, што не:
І на вайне майстэрства трэба, ворагаў каб біць
Не толькі сілаю і праўдай, а і ўмельствам,
Улікам ўсіх умоў на ратным полі, княжа,
Як грэкі ў Фермапілах, дзе адзін
За сотню мог стаяць, як Ганібал, ці як Спартак.
Князь Глінскі.
Хвалю за веды хронаграфаў светных.
Аднак, ці ведама табе, Георгій,
Калі Вікторыя нясе сцягі над войскам?
Георгій.
Тады, наш князь, калі і войска й ваявода
Адным парывам, думкаю адной узняты.
Князь Глінскі.
Палова праўды ў тым, другая — ў іншым:
Без пастара безабаронны статак кожны,
Няма вулля пчалінага без маткі,
Ваўкі і то, калі ідуць руёю,
Кіруюцца ваўчыцай… Трэба род для ваяводы!
Але хвалю, што ты дайшоў і да паловы праўды.
Таму… Ідзі ты, гаспадынька, дам нам ежы…

(Дарота выходзіць).

Таму, кажу, мы, прыступаючы да нашай справы,
З’еднаць і хочам ўвесь народ Русі Літоўскай
Ад князя і да смерда. Скамарохі!
Што чулі вы, абыходзячы прасцягі Беларусі?
Скамарох.
У лапціках лазовых, ясны княжа, мы яе
Прамерылі з Задзвіння і да Прыпяці лясной,
Ад Наваградка да Смаленска. Чулі,
Як стогне люд пад чужаземным гнётам,
Як горшага чакаючы, прадбачыць ён
Скон свету, калі ты, князь, не ўратуеш.
Князь Глінскі.
Што чулі там, дзе ў панскія палацы
Пускалі вас?
Скамарох.
А там мы розна чулі, князь. Вялікія баяры.
Князі, што на сталах прапрадзедаў сядзяць,

Не хочучы аддаць іх каралеўскім радцам,