Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/52

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Шляхціц.
А мне начхаць!
Князь Глінскі (выхапіўшы шаблю і адным ударам зваліў яго на падлогу).
Дык атрымай! Наступны хто?

(Шляхта папнулася ўзад, збянтэжылася, скамарох сядзіць верхам і са смакам лупіць пана кулакамі).

Шляхта.
Ды мы нічога… так… пажартавалі.
Князь Глінскі.
Ну й я пажартаваў. (Кідае ім грошы.) Вазьміце на хаўтуры,
Калі ён адубеў, ці на прапой, калі жывы яшчэ,
І каб я вас не бачыў, разам з ім!
Шляхта (ловіць кінутыя князем грошы, зграбае параненага і падаецца ў дзверы).
Віват, гетман польны! Віват, князь Глінскі!
Бабіч і радцы.
Прывет вам, светлыя князі і літасціўцы нашы!
Князь Глінскі.
Прывет і вам, шаноўныя! Эй, гаспадыня,
Прыбяры гармідар гэты! Нам віна!
Сядай, князь Забржэзінскі.
Дарота.
Маргарыта, прыбяры. Дапамажыце, скамарохі.

(Маргарыта і скамарохі прыбіраюць. Дарота налівае віно).

Князь Глінскі.
Усе ў зборы?
Бабіч.
Усе, за выключэннем Скарыны. Вось сын яго.
Князь Глінскі.
Сын? Георгій?
Георгій.
Так, ваша светласць.

(Маргарыта выходзіць наверх).

Князь Глінскі.
Чуў пра цябе, брат, словы гожыя не раз
Ад палачан і ад епіскапа. Казалі,
Што розум востры маеш, да навукі здольны.
Выпадку рад убачыць, што і ў ратаборстве
Ты спрыт таксама маеш не малы.
Калі пісьма Балінскі не дастане
На дапушчэнне да навук у Ягелонскай школе,
Прашу ка мне у войска.
Георгій.
Дзякуй, княжа, на зычлівым слове,
Ды ратаборстваваць хацеў-бы я на іншым полі,

Хаця і супраць ворагаў адных.