Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/51

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бабіч.
Тут не карчма, паны, гасьцініца…
Шляхціч.
Ты хто? купец? Ха-ха! ты быў купцом,
Пакуль мы, шляхта, былі пакупцамі,
А зараз мы гандлюем, і без мыта
Заморскі гандаль весці будзем,
Ты-ж — зубы на паліцу! Прэч з дарогі!
Эй, баба, дзевак нам! Гані купцоў за дзверы,
Інакш, клянуся маткай боскай, я
Бароды ім казліныя абрэжу шабляй.

(Маргарыта, відавочна пачуўшы голас унізе, паказалася на сходцах).

Шляхта.
Го-го! Вось і дзяўчына! нам яе!

(Георгій сігануў праз стол і стаў, адзін, бяззбройны, паміж шляхтай і Маргарытай).

Георгій.
Назад!
Шляхціч.
А гэта што яшчэ? Што знача?
Георгій.
А тое знача, пан, што ледзь ты дакранешся
Да маёй нявесты, ты будзеш на тым свеце.
Шляхціч.
З дарогі, смерд!

(Шляхта выхапіла шаблі, Георгій схапіў свой шчыт-табурэтку і ножку ад тапчана. Парыруючы ўдары, ён выбівае шаблі з рук у шляхты і дае першаму пад зад каршня. Той расчыняе лобам дзверы і крычыць).

Шляхта.
Гэй, панове, хамы панства б’юць!

(Увальваецца яшчэ некалькі шляхцічаў, якія відаць проста адсталі).

Шляхта.
Хто панства б’е? Падаць яго сюды.

(Дарота хаваецца за стойку. Радцы і скамарохі скінулі ўзмахам плячэй світкі і хапілі, што пад рукі папала).

Бабіч.
Што-ж, біцца, дык біцца!
Скамарох.
Вон, шляхтуны!

(Агульная бойка. Раптам расчыняюцца дзверы і ўваходзяць князь Міхаіл Глінскі і князь Забржэзінскі).

Князь Глінскі.
Стой! Стойце! Імем караля!
Шляхта.
Ты хто такі? Я сам сабе кароль!
Князь Глінскі.

Я — князь Глінскі, гетман польны.