Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/50

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бабіч.
Сын Лукаша? Чуў, чуў. Здароў будзь, сыне!
Прыстаў, брат, шапку к нам, к бяседзе нашай.

(Дарота пачынае цадзіць мёд і частаваць радцаў, якія паселі за стол, разам з імі і Георгій).

Скамарох.
Нас, гаспадынька, не забудзь. Па чарцы, і па добрай.
Бабіч.
Дык вось, шаноўныя, вось гэта й ёсць Георгій,
Сын полацкага Скарыны, які пазнаў
Прамудрасць кніжную і хоча ехаць
Вучыцца ў Кракаў…
Радцы.
Што-ж, добры пуць. А прымуць
У Кракаве не іхняй, не латынскай веры?
Бабіч.
На хабар сквапны мніхі, можа й прымуць.
Радца.
Я быў у Кракаве, там арцыбіскуп Фрэдэрык,
Брат караля і кардынал, латынянін заўзяты…
Бабіч.
З яго ідзе ўсё ліха к нам на Беларусь,
Ён пасылае к нам вучоных базільянцаў.
Што супроць іх поп-невук? Трэба нам
Купцам Русі Літоўскай чалавек адукаваны,
Вучоны, як яны. І трэба… Гэй, грайце, скамарохі!

(Скамарохі зайгралі. Бабіч нахіляецца да радцаў).

Паднімем здравіцу за князя, за надзею нашу,
Цара ўсея Русі.

(Музыка гучней. Усе ўсталі. Раптам праз дзверы ўрываецца шляхта, узброеная, п’яная).

Шляхціч.
Гэй, гэй, сябры! Вяселле тут, няйначай!
Мы на вяселле першыя! Музыкі, грайце!
Дарота.
Шаноўныя паны, абмылка! Тут няма вяселля.
Шляхціч.
Ну, дык хаўтуры, — нам ўсё една!
Дарота.
Хаўтур няма таксама.
Шляхціч.
Дык будуць, калі ты не адчэпішся, псяюха!
Давай гарэлкі!.. Рэж, музыкі!
Дарота.
Шаноўныя паны, тут радцы магістрата Вільні…
Шляхціч.
Да д’ябла іх! Мы самі сабе радцы.

Нам піць, гуляць, кахаць…