Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дарота.
Ну, тут-бы я не спудлавала.
Адвернік.
Ды і схізматыкі яны…
Дарота.
У нас, ў Літве, сам бог багоў паблытаў.
Лукаш прывёз баброў
Даць арцыбіскупу на хутру,
Дазвол на шлюб як ёсць. Але Георгій ўбіў
У галаву дурную, што вучыцца
Патрэбна ехаць некуды у Кракаў.
Адвернік.
У Ягелонаўскі універсітэт, магчыма?
Дарота.
Напэўна.
Адвернік.
Не, там схізматыка не прымуць.
Дарота.
Ну, пераменіць веру, невялікая бяда.
Адвернік.
Што-ж, можа ён рашыў і добра:
Навучыцца, ксяндзом яго паставяць…
Дарота.
Ксяндзом? А нам карысць з таго якая?
Адвернік.
Не, не, перашкаджаць яму не трэба, грэх.
Хай едзе. Свет на ім не ў клін сышоўся:
Мы панне Маргарыце жаніха такога знойдзем,
Што на Георгія й не гляне. Верце слову!
Маргарыта.
Сышчыце лепш сабе нявесту, пан Адвернік!
Дарота.
Маўчы, дачка! Па мне — хай едзе. Толькі
Вось бог, а вось парог.
Маргарыта.
Мама!
Адвернік.
Дык я пайду і сома вам прышлю. Бывайце
І слухайцеся маці, панна Маргарыта:
Яна вам шкоды не наробіць.
Дарота.
Я правяду вас, пан Адвернік. А за сома дзякуй.
Пра ваш дарунак лекару іх міласці сама
Ўсе вушы пратрублю…

(Яны выходзяць і відавочна загаварыліся за дзвярыма).

Маргарыта (кліча).
Георгій! Юрка!