Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/39

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Я бацьку гаварыў, што я люблю цябе,
Што ты — жыццё маё…
Лукаш.
Ну, бог благаславіць вас, дзеці,
Як я благаслаўляю…
Сёння-ж
Я выдзелю тваю, Георгій, долю…
Георгій.
Бацька, я гандляваць не буду.
Няхай Іван, напапалам з Раманам,
Бярэ маю часціну. Я пайду
У свет вучыцца.
Лукаш.
Георгій, не жартуй! Ты ведаеш,
Што я сказаў, то з камня высек.
Георгій.
Бацька, я Скарына таксама, я не гнуся
Ні пад чыёй рукой.
Лукаш.
Я і зламаць магу…
Георгій
Не зломіш, бацька!
Лукаш (зазлаваў).
У манастыр аддам, ў паслушнікі!
Георгій.
Хіба што мёртвага, жывы й адтуль збягу.
Лукаш.
Ў жалезы закаваць вялю…
Георгій.
Перагрызу зубамі.
Лукаш.
Ты што маўчыш, дачка? Даю я права
Адмовіцца ад ослуха бацькоўскай волі.
Маргарыта.
Я, тата, так, як ён… Я мо’ памру датуль…
Лукаш.
Ты… ты гатоў праз труп яе ісці?
Георгій.
Ты, Маргарыта, не памрэш! Ты ведай,
Што я люблю цябе,
Што для цябе вучыцца буду,
Мы пачакаем год і два, затое ўсё жыццё…
Маргарыта.
Я, тату, пачакаю…

(Бацька і сын доўга глядзяць адзін на аднаго. Бацька не вытрымлівае).