Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/38

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Лукаш.
На захадзе — латынскі вечар, змрок.
Няма там, сыне, нашай веры.
Не, сынку. Ты — купец. Тваёй навукі досыць,
Каб справу мець з заморскімі гасцямі, нават.
Жаніць цябе хачу. Калі дачка Дароты
Ад хворы злой, напушчанай ад недругаў яе,
Пазбавіцца, — мы злучым вашы рукі,
І грошы злучым. Выедзеш у Вільню,
І гандаль свой адчыніш з ласкі бога.
Георгій.
Не, бацька.
Лукаш.
Што? Не люба Маргарыта?
Георгій.
Не, Маргарыта люба, як само жыццё!
Лукаш.
Тады — канец размове. Кліч яе!

(Маргарыта спускаецца са сходцаў, трымаючыся за балясы).

Маргарыта.
Юрка, мы з Товіем цябе чакаем…
Лукаш.
Ідзі сюды, дачка мая. Ну, як здароўе?
Маргарыта.
О, значна, значна лепей, бацька! Бачыш? Хаджу ужо…
Лукаш.
І дзякуй богу!.. Дачкой мне хочаш быць?
Маргарыта.
Я й так нібы дачка ў цябе…
За клопаты, за ласку
Удзячна буду я да самай смерці.
Лукаш.
Тваё я сэрца залатое знаю, ды хачу,
Каб ты дачкой маёй была зусім,
Пайшоўшы замуж за Георгія.

(Маргарыта засаромелася, адвярнулася і маўчыць).

Знаю, знаю,
Што не з табой, а з мацеркай тваёй
Патрэбна гаварыць пра гэта. З ёй у нас
Дамоўлена аб тым, калі абое вы яшчэ
Ў калысках гушкаліся. Ёй скажы, Георгій,

Што пра яе мне гаварыў ты зараз.