Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/37

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Ты клікаў, тату?
Лукаш.
Клікаў, сынку. Бліжай падыйдзі.
Ты — сын мой любы. Розумам цябе
Бог не па летах надзяліў рукою шчодрай,
Даў мудрасць кніжную пазнаць
Не толькі нашу, — грэцкую, латынь…
Хачу трымаць з табою раду, сын мой…
Георгій.
Я слухаю, мой тату.
Лукаш.
Зачынены нам выхады з дзяржавы нашай:
На вусці рэк заселі немцы, на мяжы з Масквой
Пятля застаў літоўска-польскіх.
Ўнутры краіны шляхта, і штогод
Цяжэйшае ярмо нам будзе, сын мой.
Кароль — чужы нам, на яго няма надзеі.
Князь Глінскі кліча нас падняць паўстанне,
Маскоўскага цара нам дапамогу зычыць,
І я рашыў — сваёю галавой
І часткаю сваёю ў гандлі рызыкну я.
Георгій.
Вазьмі і нашу долю, бацька, на святую справу.
Лукаш.
Вазьму, калі патрэбна будзе… Зараз, — не.
Патрэбна паглядзець, памацаць…
Паверыць Глінскім не адразу можна…
Я хачу
На роўныя чатыры долі падзяліць маёмасць.
Пазнань аддам Івану, Рыгу даю Раману — ўнуку,
Табе дам Вільню. Што у Полацку — маё.
Аддам яго на справу.
Вас разашлю адсюль…
Тады, калі загіну, нават,
Кароль наследнікаў чапаць не мае права.
Георгій.
Ты — бацька. Сам рабі. як знаеш. Волі
Тваёй мы не парушым. Толькі…
Лукаш.
Што, сынку?
Георгій.
Пусці мяне вучыцца, свету дай пабачыць.
Лукаш.
Няма дзе, сын, вучыцца нам. Святло з усходу,
А ўсход закрыла Магамета ноч.
Георгій.
А захад, бацька?