Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/36

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Сам слова боскае у роднай мове,
Тады канец мане пап рымскіх, як пры Гусе
Было то ў Чэхіі. Але аб тым пасля…
Ты, ойча, збег, відаць, з манастыра?
Вярыгі пакаяння скінуў? Што, не смачны?
Пакой патрэбен?
Айцец Сіман.
І чарка добрая, купец!
Лукаш.
Ну, чарка заўтра будзе, а сягоння
Канчай пісьмо святое, будзь на радзе…
Эй, хто там ёсць?

(Ён ляснуў у далоні, і завіўся слуга).

Пакой над горанкай айцу Сымону
І для Андрэя — поруч з горацкай маёй,
Гукні Георгія, хай прыдзе да мяне…

(Айцец Сіман і Андрэй, пакланіўшыся Лукашу, выходзяць за слугой).

Лукаш (адзін).
Ну, што-ж, душа мая, здаецца, час настаў:
На скрыжаванні трох дарог нас лёс паставіў,
Якой ісці, каб не гарэць пасля ў агні пякельным,
І не раскідаць марна прадзедаў набытак?
Набытак прадзедаў…
Ён тут, у Полацку, ў Пазнані, ў Вільне, ў Рызе,
У золаце, у складах, на руках давераных людзей…
Далёка знаюць нас, Скарынічаў,
Сыноў маіх і ўнука,
Цякуць да нас сярэбраныя, залатыя ручаіны,
Ды толькі іх паток танчэе з кожным годам:
З Масквы ўсе рэчышчы абцяты каралеўскай вартай,
У Рызе немцы ход далей перапынілі…
На Гельгаланд, у Данію, у Нідэрланды
Яны маё дабро вязуць і золата сабе грабуць,
Мне плацячы грашы. Кароль, чужога статку пастыр,
Даў шляхце прывілей на гандаль скрозь без мыта
І абцякаюць гарады тавары, ручаямі
Цякуць у замкі шляхты… Гібель бачу
Я гарадоў тваіх, мая радзіма!.. Чую
Як глухне звон святой Сафіі… Што рабіць?
Пакінуць Полацк, выехаць у Рыгу, ў Познань?..
Пакінуць веру прадзедаў? дзяцей у пекла ўкінуць?
Не згодна ты, душа мая? І я не згодзен!
Мы бараніць сябе павінны, толькі як?
Як? Не маўчы, душа, скажы…

(Уваходзіць Георгій).