Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/307

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Князь Капуста.
Што? Бунт?
Тым лепш, — па праву
Павесім мы з віноўнымі і правых.

(Паказвае на Рыгора).

Узяць зачыншчыка!

(Рыгора хватаюць).

На дубе тут павесіць!
Ты вылучы, суддзя, віноўных смердаў дзесяць,
Павесім к вечару. Эй, хамы, на калені!
Ці з страху аднаго вы ўсе патрупянелі?

(Народ паволі падае на калені і… адчыняе сцяну з 15 казакаў з узведзенымі пістолямі. За казакамі сялянскія хлопцы з косамі і тапарамі. Перад казакамі Мікола Жарнасек. Да яго кідаецца Кацярына і Прузына).

Кацярына.
Ратуй, Міколка, брат!
Прузына.
Ратуй, пляменнічак, ад пана!
Атаман.
Я на вяселле плыў, сястрыца,
Папаў на бойку нечакана.
Капуста.
З дарогі прэч, чужыя чужаніцы.

(Хвіліна цішыні і ў гэтай цішыні дакорлівы голас дзеда Ахрэма).

Дзед Ахрэм.
Растраціў бог дарэмна матэрыял,
Калі ўкладаў табе душу у рыла:
Адной тваёй душы, панок,
На трох-бы змей хапіла.
Капуста.
Эй, гайдукі, хватай пістолі!
Рыгор.
Не, князь Капуста, з нас даволі!

(Кідаецца к князю, хапае за горла. Кацярына кідае ў князя бачонак Дулі. Той знячэўкі аступаецца на гэты бачонак і валіцца).

Рыгор.
Абрыўкамі сваіх кайданаў
Мы размазджэрым голаў пану!

(Дуля, скарыстаўшы ўсеагульную ўвагу да Рыгора, кідаецца ў кусты).

Стары казак Юхым (спыняючы Дулю).
Куды? Дастаць шаблюку, пане,
Давай паб’ёмся. Мо’ дастанеш
Ў баю шаблюку першы раз?
Дуля.

А першы раз, дальбог, мой пане.