Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/306

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Дуля (заікаецца са страху, але са скрытай надзеяй).
Ж-ж-жартуе, атаман?
Івашка.
Якія ў чорта жарты?
Няўжо вы меншага, звяругі, варты?
Дуля.
Пан атаман, аб літасці прашу!
Не буду сунуць нос ў чужое аніколі.
Князь загадаў дзяўчыну заняволіць,
Суддзя параіў як, а я сваю душу
Нясі у вір, за ласку, за якую?
Няхай нясе суддзя, калі пан не жартуе.
Атаман.
Ён мае рацыю. Як мысліць пан суддзя?
Суддзя.
Я мыслю, пан халоп,
Што скора ты завіснеш на асіне.
Атаман (спакойна).
Магчыма. Толькі пан раней, чым хлоп, загіне.
Рыгор.
Што-ж, адпявай сябе і іх —
«Са духі праведнымі» — поп.

(Сяляне маўчаць і расступаюцца. Наперадзе ідзе суддзя, за ім Дуля, за ім поп, адпяваючы дрыготным голасам «Са духі праведнымі». Паны ідуць неахвотна пад дуламі пістоляў).

З’ЯВА ХІІ

З тылу натоўпу пад’язджае князь. За ім чатыры гайдукі. Сяляне, заўважыўшы князя, акружылі сваіх палонных і прыціснулі іх да зямлі, адзін суддзя не паддаўся.

Князь Капуста.
А, кодла хамскае! вяселле учынілі?
Глузуюць, што княгіню адружылі?
Не, тры гады ў ваколіцы маёй
Не будзе чуць ніхто ні радасці, ні смеху.
Эй, абарваць вясельныя пацехі!
Жалобу князь ўскладае на людзей,
А каб яна была сапраўднай, непакорных
Я надзяляю пятніцаю чорнай.
Чуй, гайдукі! схапіце маладую,
Яна вяселле ў замку дасвяткуе.
Ка мне, суддзя!
Голас Дулі.
Панок, і я ў натоўпе —

Ратуйце нас, бо хамы нас утопяць.