Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/305

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Галасы.
Ды што чакаць, лупі калом падлюгу!
Усёроўна паміраць.

(Суддзя стараецца захаваць спакой, а між тым Дуля літаральна абмёр ад страху, поп стаіць і таксама калоціцца, войт змыўся).

Суддзя.
У законе сказана: «Хто руку ўзняў на пана,
Адсеч яму руку, а хто удар нанёс,
Той мае горлам быць скараны».
Поп.
Любіць і ворагаў загадваў бог Хрыстос.
Рыгор.
Любіць змяю, калі яна ўпускае жала
Табе у сэрца? Дзякуй! Не хачу!
Я лепей галаву гадзюцы адкручу!
З панамі гаварыць патрэбна мала,
Пішы загад, каб выпусціць старых…
Івашка.
І вырві тут пры нас свой вырак аб Рыгору!
Дзед Ахрэм.
А дзе-ж той войт? Што пёс ліхі заціх?
Сяляне.
Няма? Уцёк, то будзе ў замку скора.
Стары казак Юхым (падыходзіць да суддзі і Дулі з вяроўкай).
Што-ж, атаман, вязаць ці што тых юдаў?
(К сялянам).
Тут блізка вір?
Сяляне.
Ды глыбі хопіць ўсюды.
Івашка.
Вязаць? Навошта? Падымаць на пана
Руку, пан кажа, будзеш катаваны.
А пану самаму так надаела жыць,
Судзіць людзей, сірот і ўдоў тапіць,
Крывёй людской штодзённа мыцца…
Не, пан рашыў, без нашых дапамог
Ісці у вір — тапіцца.
Дзед Ахрэм.
Дапамажы яму у добрай справе, бог!
Івашка.
Ці не, пан Дуля першым, ён-жа — уладар
Цяпер трох душ, адну сваю душу няшкодна
Яму занесці ў дар
Вірутнікам падводным.
За панам — поп — ці згодны, парфіяне?

(К Дулі). Ну што-ж, ідзі, вяльможны пане!