Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/301

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Не захаваў ніякіх пан папер —
Ці сведкі ёсць пацвердзіць пана словы?
Рыгор.
Чакайце, пан суддзя!
Я бачу, вы гатовы
Ярмо на нас уздзець і нас не запытаць,
Ды я не з тых, што можна забрытаць
І везці у пятлю пад п’яныя размовы
Вось гэтага панка.
(Да мацеры).
У чым тут справа, мама?
Агата.
Даруе хай Янук-нябожчык пляму
На памяці яго. Так я жыла ў дварэ
За Януком — падданым пана Дулі.
Янук быў хвор. Мы ведалі — памрэ…
І ім пакрылі мой дзявоцкі грэх,
Бо я табой, Рыгорка мой, хадзіла
Да шлюбу з Януком. І я цябе радзіла
Ў сваіх бацькоў, калі памёр Янук.
Суддзя.
Хто ведае аб тым?
Агата.
Апроч папа, ніхто.
Ні слёз маіх начных, ні патаемных мук
Не выдала-б я людзям ні за што
І зараз, каб не суд. Хай скажа поп Гаўрыла.
Я за аброк тады
Аж тры гады
Падлогу ў цэркві мыла.
Суддзя.
Ну, гэта не закон!
Рыгор.
Бо пісан ён
На нашай скуры?
Не, пан суддзя, дарэмна! Не абдурыш
Нас, мужыкоў, для панскае карысці.
Суддзя.
Як трэба, то й скарышся.
Закон на вецер не кідае словы,
Перад судом ўсе людзі аднальковы.
Рыгор.
Наўрад ці так. Чаму-ж тады дасюль
Я жыў, не знаючы ніякіх Дуль,
І Дуля нас не знаў, а зараз у законе
Пан, прачытаў, што не пан Дуля мне,
А я яму павінен быць ў прыгоне,

І ён мяне прап’е, як быдла, так ці не?