Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/300

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З’ЯВА ХІ

Варочаецца назад пісар і пан Дуля. З імі суддзя — пан Бобаецкі і войт. З капліцы выходзіць поп.

Суддзя.
А ну, пан пісар, навядзі парадак.
Пісар.
Эй, шапкі зняць далоў!
Івашка (іранічна).
А як хто з каўтуном?
Пісар (не зразумеўшы іроніі).
Тады хай стане ззаду —
Ці йдзе дамоў.
Івашка.
Ану-тка, хлопцы, станьце ззаду.
Кацярына (Рыгору).
Рыгорка, чаго гэта суд на вяселлі?
Каго ён засудзіць?
Рыгор.
А чорт яго знае, крапіўнае зелле!
Ды ты не пужайся. Тут — людзі.
Пан Дуля (да папа).
А ці няма, айцец, вінца ў тваёй капліцы?
Поп.
Не, мой панок, адзія бруснічны сок,
Ды сёлета няўрода й на брусніцы,
Чым буду прычашчаць — не ведаю, панок.
Дуля (расчаравана).
Шкада… ні капелькі віна?
Поп.
Ёсць крышачку, ды толькі для закрасы,
Ці князя прычасціць — поўпляшачка адна.
Дуля (просячы).
Мне палавіначку… ну, чвэртачку, ну, столькі,
Рот спаласнуць… паселі, чорт іх, болькі…
Суддзя.
Пан Дуля, не марнуйце часу,
Што вас прымусіла паклікаць суд каронны?
Дуля.
Правоў шляхецкіх, пане, абарона.
Раба мая Агатка — з дзіцянём
Калісьці уцякла…
(Да войта).
А ці няма кілішка?
Пасохла ў роце ўсё. Ну проста языком
Не павярнуць — і крышка.
Суддзя.
То будзе потым. А цяпер…