Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Чакай, стары!
Калі табе патрэбна помста,
Звалі пракляцці ўсе на галаву маю,
Бязвінную, як і яе, затое
Не кволую, не крохкую. Я вынесу праклёны!
Яе-ж благаславі, стары, няхай жыве!
Андрэй.
Твая душа праклятай быць не можа:
Твой розум трэба нам. Сыйдзі з яе пуці:
Што суджана на смерць, хай памірае.
Кляну…
Георгій.
Кляні яе бацькоў,
Якія выракліся нашай веры,
Калі яна яшчэ не знала зор і сонца,
Кляні, хто іх паставіў на шлях здрады,
А не яе, стары…
Айцец Сіман (прачынаецца).
Кляні, вядзьмар, кляні!.. Чакай!
Каго?
Яе? за што?
Маргарыта.
Абараніце мяне, ойча!
Георгій.
За тое, што яна інакшай веры.
Айцец Сіман.
Бог адвядзе яго праклёны
На лес сыры, на верасы сухія…

(Уваходзіць фон-Шпілер і, не разумеючы ў чым справа, спыніўся).

Айцец Сіман (паказвае на Шпілера).
Яго, вядзьмар, кляні.
І папежа, што ў Рыме,
Кляні, і продкаў і патомкаў каралёў,
Якія к нам латынь наблізілі.
Яе клясці за што?
Шпілер.
Не разумею. Вас іст дас? Запрошан
Да хворай я купцом гер-Люкас…
Айцец Сіман.
Ты чуеш, знахар? Ратман рыжскі
Прышоў лячыць яе! Яна яму чужая,
Ён па крыві сваёй ёй вораг,
А лячыць бярэцца і калі памрэ —
Душа яго заявіць богу: «Дай мне рай:
Я на зямлі лячыла нават рускіх,

Якім браты іх рады не падалі».