Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Што-ж, пойдзем, Маргарыта. У свеце так цікава!
Пабачым мора цёплае, спаткаем вырай,
Які да нас адсюль у госці прыляціць,
Пабачым горы, стэпы, гарады чужыя…
Маргарыта.
Я, Юрка, не дайду, адзін ідзі…
А мне пасля раскажаш.
Георгій.
Пайду, пайду вучыцца, Маргарыта,
І дзе-б ні быў, я да цябе вярнуся.
Маргарыта.
А я цябе чакацьму, Юрка.

(Па сходцах сыходзяць Андрэй і Арына).

Андрэй.
Я крыж святы кладу на ўсход і захад,
На поўдзень і на поўнач, на зямлю сырую,
І неба зорнае, і замыкаю
Святое гэта месца ад нячыстай сілы,
Ад трыццаці хвароб: ад трасцы, ад падвею,
Ад касцяных ламот і ад сухот бяссільных,
Ад жыльных і паджыльных боляў,
У белым целе, і касцях-суставах,
Ад варажбы і чараў і суроку.
Амінь. Амінь. Амінь. Будзь крэпка маё слова!

(Хрысціць усе куты і закуткі).

Замкнуў я гэтую прастор-камору
Ў імя Хрыста і бога ключам залатым,
Яго кладу пад камень Алатыр
На дно у акіяне-моры. Не дастаць яго
Ні рыбе-кіт, ні вадзяному змію,
Ні сілам ўсім пякельным.
Амінь. Амінь. Амінь. Будзь крэпка маё слова.
Перахрысціся, пракажы малітву
Сваёй святой. Як зваць цябе, атракавіца?
Маргарыта.
Маргарыта, добры старча.
Андрэй (раптам пасуровеў, нахмурыў бровы, рэзка).
Латыніца?!
Няма ў мяне для вас ні лекаў, ні палёгкі!
Як мне не ўзняць дзяцей маіх з магілы,
Забітых ірадамі пад латынскім крыжам,

Так прок…