Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/284

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І пояс расшыты,
сягоння забыты.
Суддзя.
Прынесці!
Хто знае?
Марына.
Ніхто, апроч бацькі Адама.
Князь Капуста.
Прывесці, звязаўшы, і выблюдка й хама.

(Слугі кінуліся выконваць яго загад).

З’ЯВА ХХХVІ

Слугі прыносяць рэчы і прыводзяць Яся.

Гайдук.
Адам, княжа, збег, захапіў пару коней.
Суддзя.
Паслаць безадкладна ў пагоню.
Капуста (гаворыць цяжка, углядаючыся ў княгіню).
Ну, што-ж, станьце поруч…
А пекная пара…
Смяяліся, кпілі з старога пачвары!..
Дзе-ж пал пацалункаў?
Што вусны збялелі?
Дзе-ж вашы абдымкі?
Што рукі знямелі?
І як да спадобы маё віншаванне,
Акняжаны хам і чароўная пані?
Ну, дзякуй, пан Юзэф і ксёнжа Антоній,
Я цуда над цудам пабачыў сягоння.
Ксёндз.
Пан Езус бывае бяду насылае
І крэпкую веру, мой сын, спакушае.
Суддзя.
Не трэба ў адчай, добры княжа, прыходзіць,
А кару павінен панесці хам-злодзей.
Капуста.
О, кара! Чаму ты, мой божа вялікі,
Прыдумаўшы мукі без меры, без ліку
Для сэрца майго, ды не даў яму волі
Над целам яе і яго… О, ніколі
Яны-б не памерлі, а ў муках пякельных
Малілі-б аб смерці і ночна і дзённа.
Ксёндз.
Мой сын, памаліся, ад сэрца адляжа.
Суддзя.
Вырок, калі ў гневе, няправільны, княжа!

А мы-ж не спыталі ні хама, ні пані.