Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/283

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І прабіць на захад к мору
Троп, што зробіць позна-рана
Цар Іван, ці сын Івана.
Што яму супроць паставім?
Сойм пышлівы у Варшаве?
Не, Масква нас можа спляжыць,
Калі будзе «вэто» княжыць,
Калі мы ў сябе парадкі
Не наладзім. Кінем звадкі.
П’ю за сына! Піце, госці!
Віват пані, яе мосці!
Усе.
Віват пані, яе мосці!
Капуста (заўважыў Марыну і да яе).
Эй, старая, — даць ёй чару —
Велічай старым звычаем.

(Адам падносіць чару і як мага знікае).

Марына.
Дзякуй, ўладар наш і бацька шчаслівы!
Чарку падняць мне?
А што ў ёй наліта?
Кроў тых дзяцей, што ў падвалах лілі вы,
Ці матчыны слёзы па іх, па забітых?
Узняла я чарку над сынняй магілай.
Ды толькі наліць яе думала маці
Кроўю, што з сэрца твайго, князь, шчаняці,
Пан уладар наш, і бацька шчаслівы!
Вось мая чарка (вымае нож), даю табе, пане,
Хай прыгадзіцца ў ліхую гадзіну.
Сын гайдука, што народзіцца ў пані,
Мне не заменіць твайго, княжа, сына.
Ты сам перарэжаш нажом яму жылы,
Як родзіцца сын твой у Яся з княгіняй.
А зараз прымі віншаванне Марыны,
Княжа, ўладар наш і бацька шчаслівы.

(Магільнае маўчанне. Княгіня амаль непрытомная крычыць).

Ядзя.
Яна звар’яцела! Не верце, не верце!
Марына (неяк паднялася, вырасла).
Клянуся я з сына адпомшчанай смерцю,
Клянуся спакоем жаданым магілы,
Клянуся я пеклам, што ў сэрцы насіла, —
Для панства хавала, — я праўду сказала.
Суддзя.
А доказы дзе?
Марына.
У яе пад пярынай:

З вяровак драбіны