Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пан Заенчкоўскі (аж зароў ад абразы).
На-а-а-мёк? Хацеў-бы бачыць я, мой пане,
Хто-б мог намёк такі зрабіць,
І хай ён будзе тройчы у сутане,
Я буду морду біць, я буду морду біць!
Ксёндз.
Яшчэ раз прабачайце, пане Юзэф,
Мой сын духоўны, — гнеў благі суддзя,
Тым больш, што мы ў апостальскім саюзе,
Перапрасіць гатоў абразу я.
Пан Заенчкоўскі (адумаўся).
Прабачце, мой айцец, малю я вас сардэчна.
Гарачы, як паляк!
Ксёндз.
І, як паляк, бяспечны.
Гайдук той не стары?
Пан Заенчкоўскі.
Яшчэ не мае вуса.
Ксёндз.
Сабой прыгож?
Пан Заенчкоўскі.
Як д’ябал ў час спакусы.
Ксёндз.
Ну, вось і на! А-ей, а-ей, мужчыны!..
Да маладзенькай пекнай, як анёл, жанчыны
Прыставіць гайдука!
Пан Заенчкоўскі.
Ды я-ж яго зарыю,
У зямлю, мой ойча, аж па шыю,
Калі пасмее ён
Ксёндз.
Ну хто тут не пасмее?
Будзь вы ці я, мой пане дабрадзею.
У пані Ядзі погляд, бож-жа-ж мой!
Як блісне з-пад брывей — любое сэрца скосіць, —
Хай абрасло яно і рыбінай луской, —
Раз блісне, два — і хлопец піць папросіць.
Пан Заенчкоўскі.
О, Езус-Марыя! Пан ойча, я ў адчаю!
У князь-Івана нешта, мусіць, нелады;
Як вышла Ядзя замуж, — тры гады,
А ўнука я дарэмна ўсё чакаю,
Магчыма, што…
Ксёндз.

Магчыма, ўсё магчыма…