Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/251

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

(Лагодным голасам да ксяндза.)
А як, айцец Антон, меў ласку пачываць?
Ксёндз.
А з ласкі бога і паноў гасподы —
Спаў, як даўно не меў выпадку спаць:
Ў дарозе дзе-ж шукаць спакою і выгоды?
А тут, як у раю!
Пан Заенчкоўскі.
Так, Польшча пану — рай,
Які-б той пан ні быў, адкуль-бы ні прыходзіў,
Другой такой краіны не шукай,
Не знойдзеш, ваша мосць! На захадзе, на ўсходзе,
Па ўсёй зямлі — ад краю ў край
Усюды слых ідзе аб нашым аб народзе:
«У Польшчы пану рай, у Польшчы пану рай!»
Ксёндз.
Тады я спаў у двайным раю.
Пан Заенчкоўскі (спагадліва расплыўся ўсмешкай).
Ну рай на рай не шкодзе!
(Падміргвае.) З анёлкам, пан айцец?
Ксёндз (смеючыся).
Ў езусавых гадах,
Але на п’янага не такі велькі жах!
(Раптам вочы ўгару, рукі склаў, моліцца.)
Прабач мне, госпадзе, грэх немашчы маёй,
Грэх слабасці і прагнасці цялеснай,
Не ўспомні іх у часе судных дней
І літаснай рукой сатры іх з кніг нябесных.
Пан Заенчкоўскі.
Айцец Антон, кінь бога турбаваць:
Не можа ён у кандуіт ўсясветны
Ўпісаць, што пан меў, скажам, ласку спаць
З сваёй рабой — то-б было не шляхетна,
А пан бог шляхціц, шляхце спагадае:
Не ўсякі грэх у кнігу пападае.
Ксёндз.
Вы слушна кажаце, пан Юзэф, далібог!
Знаць Польшчу для сябе абраў сам госпад бог.
Пан Заенчкоўскі.
А што пан думае?
Дзе ёсць яшчэ народ,
Якому дзеўчына ў пятнаццаць год,
Абняўшы мужа слабымі рукамі,
За мужам абняла, заўважце, абцугамі

Літву і Беларусь[1]. Ого!
  1. Ён нагадвае далучэнне Літвы да Польшчы ў сувязі з жаніцьбай літоўскага караля Ягела з польскай каралевай Ядвігай.