Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/250

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Адам (падыходзячы).
Пшэпрашам, ясны пан, дай пану бог здароўя!
Як пану той галган, яна мне пустаслоўем
Гадзіны дзве вантробы ад’ядала,
І я сказаў — завесці да падвала.
Пан Заенчкоўскі (страшэнна абураны).
О, Езус! параўнаў сябе з вяльможным панам,
Нікчэмны хлоп! За гэта у кайданы
Самога закаваць! Чакай, прыедзе зяць!
Паскачаш, мерзкі хлоп!
(Да гайдука.) Старую развязаць!
Не звязана? — Пусціць!
(Да Марыны.) Цалуй руку у пана.
Марына (цалуючы руку).
Удзячна пану я.
Пан Заенчкоўскі.
На векі векаў. Аман.

З’ЯВА Х

Тым часам неўзаметку са свайго пакоя вынырнуў ксёндз Антоній і стаў ззаду Заенчкоўскага.

Ксёндз.
Я не сказаў, пан Юзэф: «пахвалёны»,
А пан: «на векі векаў. Аман»…
Пан Заенчкоўскі (хуценька адвярнуўся да яго).
Прабачайце —
Не бачыў вас. (Да гайдука і Марыны.)
Ну, галганы, знікайце!

(Гайдук, Марына, Адам і Уладзік выходзяць).

З’ЯВА ХІ

Пан Заенчкоўскі.
Я ледзьве ўстаў і рвуся, як шалёны,
Ўчарашні хмель сціскае галаву,
А тут хам’ё, што слова — то як вілы!
Як пойдзе так ўвесь дзень — то я парву
І валасы свае, не толькі жылы.
Ксёндз.
А вы вальней, пан Юзэф, спакайней.
Хрыстос цярпеў і не такія мукі!
Бог даў язык, але бог даў і рукі,
Каб злосць сваю адводзіць на людзей.
Пан Заенчкоўскі.
У вас, айцец Антоній, ўсё цярпі!
А тут у зяця хам раз’еўся, разбазырыў,
Што шаг ступі, то цераз лоб лупі,

А не ўлупіў — глядзіш, ён яму табе вырыў!