Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/248

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Радзіцца мусіць яшчэ раз ад дзевы,
Не змог-бы ён, дар зайздрасці і гневу,
Ляжаць змяёй у яслях і чакаць,
Пакуль дзіця народзіць божжа маць,
А ты чакаеш сына у княгіні
З нажом навостраным…
Кінь выбрыкі благія!
Марына.
Не мог? Ну, а чаму, скажы мне, кат, скажы —
Над яслямі халопаў і сялян
Стаіць наш пан
І распінае іх, братоў хрыстовых, на крыжы?
Чаму мой сын на свеце не пажыў
Ў цяпле і радасці сваёй вясны,
Як птушка вольная ці нават звер лясны?
Адам.
Спытай у пана. Я ні брат, ні сват
Іх светласці.
Марына.
Паўзеш назад, як гад!
Кат кату — сват, кат кату — брат:
Ў крыві адной душу і рукі ксцілі.
Адам.
Ён — пан, я — раб, багацце не дзялілі.
Марына.
Са страху ці з любві сабацкай вы лілі
Людскую кроў на матухне-зямлі, —
Яна, святая, бога слёзна моліць
Адпомсціць кроў людзей!
Адам.
Даволі!
Жарт жартам, справа справай…
За умысел звярыны і крывавы
Ты сёння к вечару, Марына,
Пабачышся з душой загінуўшага сына.
Дарэчы, як яго у ланцугі кавалі,
Нож гэты гайдукі у Ваські адабралі…
Я навастрыў яго, хацеў табе аддаць, —
Каб паклялася мне княгіні не чапаць!
Марына (узяла нож, але адмоўна ківае галавой).
За сына — сына, кат, не болей ў не меней!
Адам.
Тады папарышся да смерці ў падзямеллі.
(Крычыць.)
Гайдук!