Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/242

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

З’ЯВА ІV

Уладзік.
Вось ключ з падзямельнага хода й паходня.
Атаман.
Дыбай, дзед Ахрэм, і Рыгору скажы,
Хай з хлопцамі разам пад поўнач сягодня
Сюды ў падзямелле паўзуць, як вужы.
Мы-ж з Ўладзікам тут падрыхтуем сустрэчу.
Уладзік.
Такія запалім вясельныя свечы,
Што нават на шлюб свой Капуста не меў.
Дзед Ахрэм.
Не меў на вяселле — хаўтуры адзначым…
Ну, дай бог у справе і спор і удачу.

(Ахрэм і Уладзік знікаюць у падзямеллі, Атаман — у вежы).

З’ЯВА V

З дзвярэй пакоя княгіні выходзіць княгіня Ядзя, за ёй малады, прыгожы хлапец — гайдук Ясь.

Ядзя.
Ноч прайшла, як сон, як мара,
Зорка неба тчэ у краскі,
Ах, навошта промень сонца
Рушыць, нішчыць маю казку?
Знаеш? — мне здаецца, ў пушчы
Я ў палоне ў злога цмока,
Ён над рэчкай, па-над кручай,
Замак чорны, адзінокі
Збудаваў для паланянкі,
Для красуні-каралевы;
Закідаў шляхі-дарогі
Бураломам, дзікім дрэвам;
Варту моцную паставіў
Сцерагчы лугі і воды,
І няма ў тым дзікім краю
Ні праезду, ні праходу.
Толькі пушча не сціхае,
Сумным шопатам гамоне,
Ды пад шум той у палоне
Вызвалення ўсё чакае
Каралева маладая!
Мне здаецца, ночка ляжа,
Ўсё пасне ў краю пастылым,
І раптоўна ў замак княжы
Ён прыходзіць, мой любімы,
Мой кароль! Прайшоў ён пушчу,