Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/241

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Марына.
Ёсць ход падзямельны з заходняе вежы
На бераг і ў пушчу. Ключы за іконай
У панскім пакоі…
Падуў вецер свежы
Ў акно… ўжо світае… ідзіце адгэтуль…
Каб пан не дазнаўся; зжыве ён са свету
І вас і мяне… Ды абходзьце Адама.
Таксама
Вартуе
Таго, хто ў княгіні што ночкі начуе,
Сыночку пярыны княгініны сцеле.
Баюся, засне на смяротнай пасцелі
І мне перашкодзіць адпомсціць за сына
Сынком яго светласці князя Івана…
Ды не, дажыве і старая Марына
Часіны шчаслівай, гадзіны чаканай!

З’ЯВА ІІІ

Атаман, Уладзік, дзед Ахрэм неўзаметку знікаюць. Марына працягвае гаварыць ужо да сябе. Яна ўспомніла сына і пачынае ціхія, жудасныя прычытанні па ўмірушчаму. Ім адпавядае музыка.

Сыночак мой мілы, галуб сізакрылы,
Ці чуеш ты маці сваю?
Ізноў я адна над тваёю магілай
Душою і думкай стаю.
Я чую, як пальцы твае па скляпеннях
У муках смяротных скрабуць,
Як вусны твае у крывавай у пене
Апошняе — «мама» — завуць…
Даруй, мая краска, што я перажыла
Мучэнне і смертку тваю,
Што я аб скляпенне тады не разбіла
Сівую сваю галаву.
Што я не загрызла, што я не заела
Тваіх ліхадзеяў… Ды, знай,
Я помсту песеяла, — помста паспела,
Крывавы гатоў ураджай.
Сабралася маці у госці к дзіцяці
Ў сырую зямельку прыйсці.
І хай бог карае, як сам, святы, знае
Мяне на апошняй пуці,
Але не пасмее і бог загадаці
«Марына, ты пану даруй» —
Ён чуў, як у муках ты зваў сваю маці,
Як плакаў: «матуля, ратуй!»

(Падымаецца па сходках і стукае ў дзверы княгіні. Потым яна варочаецца назад і знікае ў цемры, а дзед Ахрэм, Атаман і Уладзік выходзяць).