Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/240

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Атаман.
Пачуў я, бабулька, пра цяжкае гора,
Што сее народу працоўнаму пан,
І моцна хацеў-бы, паколькі ёсць сілы,
Аддзячыцца пану.
Марына.
Ты-ж вязень.
Атаман.
На волі сябры,
На волі рушніцы, багры, тапары.
Дзед Ахрэм.
На волі народ.
Марына.
Ён гніе ў пакоры.
Дзед Ахрэм.
Да часу, сястра.
Марына.
Ну, а час той няскора.
Уладзік.
Ты чула, бабуля, дзяўчыну Рыгора
Пан ў замак бярэ на пакуты і сорам!
Дзед Ахрэм.
І возьме, калі нам сястра не паможа.
Панкі, пашкадуй добрай смерці ім, божа!
Марына.
За наша жыццё адной смерці ім мала,
Не, зробіцца так, каб у вочы панам
Яна і удзень і ўначы заглядала-б,
Каб цень ад яе ім шляхі пакрываў.
Дзед Ахрэм.
Пачутае, божа, пабачыць дай нам.
Марына.
За нашых дзяцей, за забітых бязвінна.
Сваімі дзяцьмі адказаць яны вінны.
Уладзік.
Бяздзетны наш князь.
Марына.
Ну, дык што-ж, пачакаем…
На свеце няма найцяжэйшае помсты,
Як знішчыць нашчаднасць, як знішчыць патомства!
Будзь проклят на век пан, як Ірад і Каін!
Атаман.
Тады памажы нам, бабуля, дабрацца
З Бярозы у замак. Бо кажуць ў народзе,
Што дзесьці ў зямлі тайны ход ад палаца

На бераг Бярозы ці ў пушчу выходзе.