Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/239

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная



АКТ ІІ

Замак князя Капусты. Поўкруглая цэнтральная зала. Ідуць сходцы наверх — у пакоі княгіні, другія — у вежу. Унізе некалькі дзвярэй у пакоі і адны на ганак. Багатае, але грубае ўбранне пакоя. Руска-беларускія арнаменты часамі перамяжоўваюцца з рэчамі яркапольскага паходжання. Так, поруч з кіётам усходніх абразоў стаіць каталіцкі пан Езус на крыжы. Дзея пачынаецца перад світаннем наступнага дня. Яшчэ да адчынення заслоны чуваць далёкая спакойная музыка — спакойная, як ноч у замку, пад аховай дазораў і варты, ноч — сытых людзей. Але паступова ў спакойную музыку ўрываюцца трывожныя ноткі: ноч не спіць, ноч жыве чалавечымі страсцямі і барацьбой. Пад гукі музыкі пачынае мільгацець агонь лампадкі перад кіётам, то амаль загасне, то разгарыцца ярчэй і тады кідаюцца ў вочы два цяжкія крэслы на першым плане.

З’ЯВА І

З вежы выходзяць: казацкі атаман Мікола Жарнасек, дзед Ахрэм і Уладзік — гайдук пана Заенчкоўскага.

Уладзік.
Бабуля Марына сыйсці не павінна.
На варце ў княгіні яна ці Рагіна.
(Цішэй.)
Мужык у княгіні не молад, бяздзецен,
А ёсць маладзейшы на пэўнай прымеце,
А князь у дарозе…
Дзед Ахрэм.
Дык грэх на парозе?
Ды мне не да іх — блох ім сотню ў пярыны.
А скажа пра ход нам падземны Марына?
Уладзік.
Яна зненавідзела князя за сына,
Якога без часу глынула зямля;
Жыла два гады у сям’і каваля,
Рыгора і Кацю, як родных, любіла.
Я думаю — скажа. А вось і яна.

(Уваходзіць з кіёчкам згорбленая, старая Марына).

З'ЯВА ІІ

Марына.
Каго разнасіла нядобрая сіла
Ў начную пару?
Уладзік.
Гэта я.
Марына.
Ты, Ўладзік? З табой хто такі?
Чаму сваю варту без часу пакінуў?
Глядзі, засякуць і цябе гайдукі,
Як сына майго, незабыўнага сына.
Уладзік.
Са мною і вязень. Ён брат Кацярыны.

Каханай Рыгора, казак — атаман.