Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Івашка.
З гэтых ён краёў аднекуль,
І падлеткам збег ад пана.
Кацярына.
Можа дзядзькавіч, Мікола?
Казак.
Так, Мікола…
Кацярына.
Апанасаў?
Казак.
Опанасавіч, тым часам.
Прузына.
Вось не думала ніколі,
Што пляменнічка спаткаю.
Дзе-ж Міколка?
Івашка.
Ён у замку.
Дзед Ахрэм.
Ну й вяселле-ж мы згуляем!
Разагнем мы тую клямку,
Што загнуў ваш князь народу.
Чуй, казакі?
Казакі.
Чуем, дзеду!
Дзед Ахрэм.
Я-ж у замак дай пад’еду,
Дзе аб’ездам, дзе абходам,
Разузнаць, што з атаманам.
Вы-ж, панове казакове,
Пакажыце добрым людзям,
Як вяселле гуляць будзем!
Хто і дзе, скажыце, бачыў,
Каб казак у смутку вянуў?
Грай, казача, грай казача,
Нават дзед і той паскача!

(З’явіліся цымбалы, дудка, гуслі і дзед пайшоў у скокі).

«Ты дуб, я бяроза,
Ты п’ян, я цвяроза,
Ты п’еш, а я плачу,
Маладосць сваю трачу!
Лепш не пі, не лютуй,
Болей дома начуй,
Бо жыве цераз тын
У суседа добры сын!»

(Выхадка дзеда развеяла цяжкі настрой. Народ засмяяўся, разагнуліся плечы, расцвілі ўсмешкі на вуснах, зрабіўся круг і ў круг уляцеў у ліхім гапаку малады казак).