Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/221

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Прыехаў наш дзяржаўца новы,
Закон людскі, закон хрыстовы
Ён сцёр, як пыл.
Дзед Ксаверый.
Жылі — гнілі
І да яго, а зараз — гінем:
Што дзень, то чыніць навіну.
Не адкараскаеш адну,
А ўжо рабіць другую вінен.
Пажылы селянін.
Заціснуў пан — не прадыхнуць.
І сталі ўсе мы, як закупы.
Шмат зачынілася халупаў,
А зловяць — ў стайні засякуць.
Рыгор.
Зямлю абмерыў на валокі,
Падаткам выклаў кожны крок.
Сяляне.
. Ну словам, ссе з жывых нас сокі,
Як ваўкалак той аднавокі, —
Такія справы наш дзядок!
Дзед Ахрэм.
Паслалі-б ліст да караля,
Ці хадакоў.
Дзед Ксаверый.
Ды пасылалі.
Дзед Ахрэм.
І што-ж?
Дзед Ксаверый.
Бяссудная зямля!
І галавой паслы наклалі.
У Кракаў ехаў пан тады
Да Заенчкоўскіх панны ў сваты,
І поезд ехаў з ім багаты.
Сын мамкі князя — малады
Гайдук Васіль (няхай зямля
Лягчэй пушынкі табе стане!)
Даставіць ў рукі караля
Ўзяў чалабітнае пасланне.
Мы склалі грошы восем коп —
І на паклон і на дарогу.
Як пан дачуўся і загроб
Пасланне наша — ведаць богу!
Ды толькі наш Васіль сканаў
У цяжкіх муках ў падзямеллі,
Калі у замку на вяселлі

Натоўп раз’юшаны скакаў.