Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/220

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ночку цёмную прагнала зара,
Зіму лютую растапіла вясна,
А стаяць мне, каліне, пад сонечкам,
А стаяць мне, чырвонай, у золаце.

(У песню паступова ўцягваюцца хлопцы, і яна з задумёнага соло пераходзіць у харавы спеў, які выводзіць з цяжкага настрою хлапцоў).

З’ЯВА ХІІ

(Дзед Ахрэм-лірнік выходзіць з-за дрэва, дзе ён слухаў песню касцоў).

Дзед Ахрэм.
А добра спелі, казакі,
Прыбаў вам бог здароўя й веку.
Касцы.
Здароў і вам.
Дзед Ахрэм.
Ну, што-ж, сынкі,
У круг прымайце чалавека,
Дарожнага. Стары, сівы,
Аднак не хіліць галавы
А ні ў журбе, ані ў пакоры,
І чарку ўзяць яшчэ не хворы,
Калі-б паднеслі дзецюкі,
І граць магу.

(У часе яго слоў госці выносяць з лесу бярвенне, калы і зноў запаўняюць тыл сцэны).

Пажылы селянін.
Ты хто-ж такі?
Рыгор.
І хто ў чаўнах?
Дзед Ахрэм.
Хто я, сынкі,
То чулі вы, а гэта — людзі
І не благія, ставяць стан,
Бо ноччу мала хто заблудзіць.
Не ў гнеў будзь сказана, ваш пан
Нам вестку даў, што тут няціха,
І можа стрэнуць караван
Не толькі добрае, а й ліха.
Сяляне.
Пан папярэдзіў? За гарой
Апрогся воўк, — няйначай, братцы!
А ці-ж не пан увёў разбой,
Што міма замка ні вадой,
Ні пешкі ноччу не прабрацца.

З ліхой гадзіны той, калі