Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Апроч каралю — яго міласці — мыта
Не бралі ні просьбай з мяне, ні пагрозай.
Адам.
Нібыта было, але зараз забыта.
Іх міласць кароль яго мосці Капусце
Аддаў пазалетась і замак і людзі
За добрыя грошы, дык грошыкі-ж вудзіць
Павінен з купцоў князь, свае-ж не упусціць!
Стары казак Юхым.
Начуем ата́ман, — сяло недалёка,
А раніцай едзем да пана у госці.
Навошта-ж турбацыю княжацкай мосці
Рабіць перад сном?
Адам.
Як жадаеце, госці.
Ды толькі… сказаць ў добры час і няўрокам…
Начлег гэты вылезці можа вам бокам.
Народ тут ліхі, а ноч — маці ліхога.
Баюся, каб вы не гукалі падмогі,
У князя Капусты цалуючы ногі,
Бо вас не так шмат, зброі бачу нямнога.
Стары казак Юхым.
Бог ласкаў! Не знішчыла ў моры навала,
Хаця нас да неба вадой падкідала,
Парогі глыталі і не праглынулі,
Дык тут, каля дому, нам гулюшкі-гулі!
Дзед Ахрэм.
У хаце сваёй качарга, кажуць, маці.
Адам.
Дык то-ж, мой дзядуля, сапраўды у хаце,
Дзе кожны набытак пад моцным запорам,
І сам абгароджан не небам і борам.
А тут кожны куст сваю цягне галінку,
Чапляе, нягоднік, ці торбу, ці скрынку,
Дзе тыя дукаты прыціхлі ў трывозе.
Атаман.
А даўна разбой стаў у вас на Бярозе?
Адам.
А даўна-не-даўна, з таго часу, браце,
Як смак разабраў чалавек у дукаце.
А ведаеш смак які маюць дукаты?
Дзед Ахрэм.
Салёны, гайдук, і крыху гаркаваты,
Бо потам і кроўю набраклі па хатах,
Пакуль прыблукалі у замкі багатых.

Панюхай дукаты…