Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/208

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Бо пяе іх і нядоля,
І туга, і роспач злая;
Гора з чорнаю няволяй
Песні жалем абвівае.
Не пяецца птушцы ў клетцы…
Капуста.
Чуў я гэта часта-густа,
Часта-густа, прыгажуня!
Калі трэба — запяецца.
Так кажу я, князь Капуста,
Пан дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына.
Каб на волі, — ў паднябессе
Паляцелі-б нашы песні.
Капуста.
Што з той волі? Каб да волі
Срэбра-золата даволі.
Ды заморскія каралі!
Каб дзявочы стан прыгожы
Аксаміты увабралі!
Каб былі, як словы пані,
Слугі выканаць гатовы
Тваё кожнае жаданне…
Кацярына.
Дзякуй, князь, за прапановы.
Хай княгіня маладая,
Што ўзрасла ў дабры, ў пяшчотах,
Панства з князем спажывае
На здароўечка, ў ахвоту.
Мне, сялянцы, лепш не знаці
Панскай пані лёсу-долі.
Хай сабе у курнай хаце
І ў бядоце, ды на волі.
Капуста.
Слухай, дзеўчына-нябога,
Чуў я сказ адзін старынны:
Жыў бяздзетны князь. У бога
Аднаго маліў ён — сына.
Даў аброк: хто сына родзіць
Ад яго — халопка, пані, —
Век у золаце праходзіць,
Сын-жа родным сынам стане…
Кацярына.
Чула байку я: дзяўчына
Там была у маладзіцы,
Нарадзіла яму сына

І загінула ў цямніцы…