Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Казаў — «ты лёгкая, як пух»,
А след глыбокі… Мілы, дужы,
Харошы мой, калі мы ўдвух,
Здаецца, цэлы свет мы здужым.
Бяда з табою — поўбяды,
І гора горкае — не горка.
Каханы, любы мой Рыгорка,
Твае сляды…

(Бярэ лопух, жартуючы, закрывае сляды і спявае).

Каб па тым слядочку
Людзі не хадзілі,
Каб нам, маладзенькім,
Шчасця не разбілі. (Далей гавора.)
А могуць… могуць, злыя людзі
Не маюць бога ў грудзях.
Дзяржаўца-князь тут часта блудзіць,
Яго успомніць — проста жах!
Што ты, сэрца маё баязлівае,
Ўсё трымціш, як лісток на вярбе?
Што прарочыш сабе, нешчаслівае,
Злую долю ў нямой варажбе?
Князю-ж мы і Рыгор не падданыя,
І над намі-ж не волен прыгон —
Не баюся ні чорта, ні пана я!
Чорт і пан…
Вось і ён!
Чур мяне, вось і ён!

З'ЯВА ІV

Уваходзіць дзяржаўца, князь Капуста.

Капуста.
Добры вечар, Кацярынка,
Прыгажуні прывітанне!
Кацярына.
Добры вечар, ясны пане!
Капуста.
Што-ж ты змоўкла, журавінка?
Песні мне твае па густу,
Мне па густу, прыгажуня, —
Так кажу я, князь Капуста,
Ваш дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына.
Дзякуй, літасцівы пане,
Князь, на добрым слове дзякуй,
Нашы песні не ў пашане,

Хто да іх не мае смаку.