Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/209

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Капуста.
Сын за тое ўзяў багацце…
Кацярына.
І пракляцце сваёй маці.
Капуста.
Лепш гукні ты мне старую,
З ёй я справу абмяркую…
Ў галаве дзяўчаці пуста;
Жыве сэрцам прыгажуня.
Так кажу я, князь Капуста,
Пан дзяржаўца, так кажу я.
Кацярына (адыходзячы).
Сэрца закована сцюжай каляднаю,
Чула яно, што няшчасце наваліцца,
Стой-жа, бяздольная, стой, беспарадная,
Выйдзі на бераг Бярозе пажаліцца…
Можа яна узбунтуецца хвалямі,
Вецер падхопіць прычыты хаўтурныя,
Неба заплача слязамі-каралямі,
Градам халодным, над хаткамі курнымі.
Толькі да панскага сэрца гадзючага
Не прасачыцца слязінка пякучая.

(Выходзіць).

З’ЯВА V

Князь Капуста адзін.

Капуста.
Ну зараз слёзы да адчаю
І просьба з грозьбай, як заўжды, —
Ці мне не ведаць іх звычаю,
Іх паратунку ад бяды!
Нічога… вычхаецца гора,
Абсохнуць слёзы ў добры час,
То бачу я не ў першы раз.
Дзе не памогуць угаворы,
Там купіць золата і час.

З’ЯВА VІ

Капуста і Прузына.

Прузына.
Паклон да зямелькі, да матухны пану!
Даруе хай пан, што у хату не клічу —
І цесна, і брудна звычаем мужычым,
Нікога не ждалі, таму не прыбрана.
Капуста.

Нічога, старая. Як дужа, нябога?