Старонка:Драматычныя паэмы. Міхась Клімковіч.pdf/182

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Георгій.
Добрай справай.
Я гараскоп яму злажыў цудоўны,
А ён дзяўчыну адпусціў, ёй дараваўшы грэх.
І ўвачавідкі зажываць на целе
Айца святога стала рана…
Ну разумеецца, я клаў свае прымочкі…
Біскуп.
Так, вера для душы патрэбна…
Георгій.
І справы добрыя для сэрца, бо без іх
І вера мёртвая.
Біскуп.
Да рэчы, Лютар з тым не згодзен. Чулі?
Багаадступнік той афяр не прызнае.
Георгій.
Затое той, хто йдзе за ім, бярэ
Афяры, што касцёлы накапілі.
Кум-ціхаход, — яго так Мюнцэр дражніць,
Плоць тлустую сваю між небам і зямлёй
Павесіў: богу свечка, чорту качарга.
Біскуп.
Ха-ха! Цудоўна! Чорту качарга!
Георгій.
Я рад, што вы павесялелі… Добрай справай
Вясёласць духу падтрымайце.
Біскуп.
Напрыклад, доктар?
Георгій.
Здаецца, дзень суда сягоння. Пэўне,
Па справядлівасць людзі к вам прышлі…
Біскуп.
Мне не хацелася-б займаць сябе судамі.
Георгій.
А ў свеце большай радасці няма,
Як адшукаць ў няшчасці справядлівасць.
Біскуп.
Мне-б вам хацелася аддзячыць
Чым-небудзь, сын мой, і за лекі
І за парады добрыя… Пабудзьце
Тады са мной і вы. Пісец!

(Біскуп ляснуў у далоні, з'явіўся манах). Якія справы на наш суд сягоння?
Манах.
Задушнае пісьмо на дом
Нябожчыцы Дароты.
Біскуп.

І сведкі тут?